Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 6

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 6
6:1Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галілейскага, Тыверыядскага;
6:2і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цуды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
6:3І ўзышоў на гару Іісус і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
6:4А набліжалася Пасха, свята Іудзейскае.
6:5Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купіць хлеба, каб яны паелі?
6:6Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
6:7Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дынарыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрымаў.
6:8Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімана Пятра:
6:9ёсць тут адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзве рыбіны; але што гэта для такога мноства?
6:10І сказаў Іісус: загадайце людзям узлегчы. Было ж многа травы на тым месцы. І вось узляглі людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
6:11Узяў жа хлябы Іісус і, узнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні — тым, што ўзляжалі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
6:12і калі насыціліся, сказаў вучням Сваім: збярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала.
6:13І сабралі яны і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці хлябоў ячменных, якія засталіся ў тых, што елі.
6:14Тады людзі, якія бачылі цуд, зроблены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды Той Прарок, што павінен прыйсці ў свет.
6:15Іісус жа, даведаўшыся, што хочуць прыйсці, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару адзін.
6:16Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
6:17і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а Іісус не прыходзіў да іх;
6:18і мора з – за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалявалася.
6:19Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся;
6:20але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.
6:21Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды яны плылі.
6:22На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было іншай лодкі, апрача адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўваходзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылі адны;
6:23і іншыя лодкі прыплылі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзяку;
6:24калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылі ў Капернаум, шукаючы Іісуса,
6:25і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равві! калі Ты сюды прыбыў?
6:26У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;
6:27Дбайце не пра ежу тленную, а пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вызначыў Яго пячаццю Сваёю, Бог.
6:28Яны ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб здзяйсняць справы Божыя?
6:29У адказ Іісус сказаў ім: вось справа Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
6:30Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаменне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты здзейсніш?
6:31айцы нашы елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб з неба даў ім есці».
6:32Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб ісцінны;
6:33бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету.
6:34Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
6:35І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не зведае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець смагі ніколі;
6:36але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
6:37усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не выганю вон,
6:38бо Я сышоў з неба не дзеля таго, каб чыніць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;
6:39а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубіў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень;
6:40Воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
6:41Абурыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: «Я ёсць хлеб, які сышоў з неба»,
6:42і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: «з неба Я сышоў»?
6:43На гэта Іісус сказаў ім: не абурайцеся паміж сабою;
6:44ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
6:45напісана ў прарокаў: і будуць усе навучаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне;
6:46гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
6:47Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае жыццё вечнае.
6:48Я — хлеб жыцця;
6:49айцы вашы елі манну ў пустыні і памерлі;
6:50а хлеб, які сыходзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;
6:51Я — хлеб жывы, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.
6:52І спрачаліся між сабою Іудзеі, гаворачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
6:53Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Яго, то жыцця не будзеце мець у сабе;
6:54хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
6:55бо Плоць Мая сапраўды ёсць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво;
6:56Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той ува Мне застаецца і Я ў ім;
6:57як паслаў Мяне жывы Айцец і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
6:58гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі манну і памерлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
6:59Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме.
6:60І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жудасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?
6:61Іісус жа, ведаючы ў Сабе, што абураюцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба гэта вас спакушае?
6:62а што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
6:63дух дае жыццё, плоць не прыносіць ніякай карысці; словы, якія Я кажу вам, ёсць дух і жыццё;
6:64але ёсць сярод вас некаторыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няверуючыя і хто выдасць Яго,
6:65і сказаў: дзеля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе яму дадзена Айцом Маім.
6:66З таго часу многія з вучняў Яго адышлі і ўжо не хадзілі з Ім.
6:67Сказаў тады Іісус дванаццаці: ці не хочаце і вы адысці?
6:68Адказаў Яму Сіман Пётр: Госпадзі! да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага,
6:69і мы ўверавалі і спазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
6:70Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абраў? але адзін з вас — дыявал.
6:71Гаварыў жа Ён пра Іуду Сіманавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з дванаццаці.