Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел, раб Іісуса Хрыста, паклíканы Апостал, абра́ны для дабраве́сця Бо́жага,
1:2якое Бог раней абяца́ў праз праро́каў Сваіх у святы́х піса́ннях
1:3пра Сына Свайго, Які нарадзíўся з се́мені Давíдавага па пло́ці
1:4і адкрыўся як Сын Божы ў сіле, па духу свя́тасці, праз уваскрасе́нне з мёртвых, — пра Іісуса Хрыста, Госпада нашага,
1:5праз Якога мы атрыма́лі благада́ць і апо́стальства, каб дзе́ля імя́ Яго прыво́дзіць да паслушэ́нства ве́ры ўсе наро́ды,
1:6сярод якіх і вы, паклíканыя Іісу́сам Хрысто́м, —
1:7усім, хто ў Рыме, узлю́бленым Божым, паклíканым святы́м: благада́ць вам і мір ад Бо́га, Айца́ на́шага, і Го́спада Іісу́са Хрыста́.
1:8Найпе́рш я дзя́кую Богу майму́ праз Іісу́са Хрыста́ за ўсіх вас, што вера ваша абвяшча́ецца ва ўсім све́це;
1:9све́дка мне Бог, Яко́му я служу́ ду́хам маім у дабраве́сці Сы́на Яго, што я беспераста́нна зга́даваю вас,
1:10заўсёды про́сячы ў малíтвах маіх, каб воля Бо́жая не́калі паспрыя́ла мне прыйсцí да вас.
1:11Бо я пра́гну ўба́чыць вас, каб перада́ць вам нейкі дар духо́ўны для ўмацава́ння ва́шага,
1:12гэта зна́чыць, суце́шыцца з вамі ве́раю супо́льнаю, ва́шаю і маёю.
1:13Не хачу ўто́йваць ад вас, браты́, што мно́га разо́ў збіра́ўся я прыйсцí да вас, — але сустрака́ў перашко́ды дагэ́туль, — каб мець нейкі плён і ў вас, як і ў íншых наро́дах.
1:14Я даўжнíк і Э́лінам і ва́рварам, і му́дрым і неразу́мным;
1:15дык вось, што даты́чыцца мяне́, то я гато́вы дабраве́сціць і вам, якія ў Ры́ме.
1:16Бо я не саро́меюся дабраве́сця Хрысто́вага, таму́ што яно́ — сíла Бо́жая для спасе́ння ко́жнаму ве́руючаму: найпе́рш Іудзе́ю, а потым і Э́ліну.
1:17Бо пра́веднасць Бо́жая ў ім адкрыва́ецца ад ве́ры да ве́ры, як напíсана: “пра́ведны ве́раю жывы́ бу́дзе”.
1:18Бо адкрыва́ецца гнеў Бо́жы з не́ба на ўсяля́кую бязбо́жнасць і няпра́веднасць людзе́й, якія ісціну заціска́юць няпра́веднасцю.
1:19Бо тое, што мо́жна ве́даць пра Бо́га, я́ўнае для іх, пако́лькі Бог явíў ім;
1:20бо тое, што няба́чнае ў Ім, ба́чыцца ад стварэ́ння свету праз пазна́нне ство́ранага: і ве́чная Яго сіла, і Бажаство́, — так што няма́ ім апраўда́ння.
1:21Пако́лькі яны, спазна́ўшы Бо́га, не прасла́вілі Яго як Бо́га і не падзя́кавалі Яму, а аддалíся ма́рным мудрава́нням, і це́мра агарну́ла неразу́мнае сэ́рца іх:  
1:22называ́ючы сябе му́дрымі, яны стра́цілі розум
1:23і сла́ву нятле́ннага Бо́га замянілі падабе́нствам во́браза тле́ннага чалаве́ка, і пту́шак, і чацверано́гіх, і паўзуно́ў, —
1:24таму і адда́ў іх Бог у пажа́днасцях сэ́рцаў іх нечыстаце́, так што яны самі га́ньбілі це́лы свае́;
1:25яны падмянілі íсціну Бо́жую хлуснёю і пакланя́ліся і служылі стварэ́нню замест Тварца́, Які благаславёны на ве́кі, амíнь.
1:26Таму адда́ў іх Бог гане́бным страсця́м: жанчы́ны іх замянíлі прыро́дныя зно́сіны на супрацьпрыро́дныя;
1:27падо́бна і мужчы́ны, пакíнуўшы прыро́дныя зно́сіны з жанчы́наю, распа́льваліся пажа́днасцю сваёю адзін да аднаго́, мужчы́ны з мужчы́намі ўчыня́ючы со́рам і атры́мліваючы ў саміх сабе́ нале́жную распла́ту за сваю́ аблу́ду.
1:28І пако́лькі яны не палічы́лі патрэ́бным мець пазна́нне Бога, то адда́ў іх Бог разбэ́шчанаму ро́зуму — рабіць няго́днае,
1:29так што яны напо́ўненыя ўся́кай няпра́ўдай, блу́дам, хíтрасцю, кары́слівасцю, зло́сцю, поўныя за́йздрасці, забо́йства, зва́ды, падма́ну, ліхадзе́йства,
1:30яны плеткары́, паклёпнікі, боганенавíснікі, крыўдзíцелі, самахва́лы, ганарлíўцы, вынахо́днікі ліхо́га, непаслухмя́ныя бацька́м,
1:31наразва́жлівыя, здра́длівыя, бессардэ́чныя, бязлíтасныя, нямíласцівыя.
1:32Яны ве́даюць пра́ведны прысу́д Божы, што тыя, хто ро́біць такія спра́вы, ва́ртыя сме́рці, аднак не толькі ро́бяць гэта, але і тых, хто робіць, падтры́мліваюць.