Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, i Маці Іісусава была там.
2:2Запрошаны таксама быў Іісус i вучні Яго на вяселле.
2:3I калі не хапіла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
2:4Кажа ёй Іісус: што Мне i Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
2:5Кажа Яго Маці слугам: што скажа Ён вам, зрабіце.
2:6Было ж там шэсць каменных пасудзін для вады, якія стаялі дзеля ачышчэння Іудзейскага і змяшчалі па дзве ці па тры меры.
2:7Кажа ім Іісус: напоўніце пасудзіны вадою. I напоўнілі iх да верху.
2:8I кажа ім: цяпер чэрпайце i нясіце да распарадчыка застолля. I яны панеслі.
2:9Kалi ж распарадчык пакаштаваў вады, што зрабілася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распарадчык застолля
2:10i кажа яму: кожны чалавек спачатку добрае віно падае, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
2:11Так паклаў Іісус пачатак цудам у Кане Галілейскай i явіў славу Сваю, i ўверавалі ў Яго вучні Яго.
2:12Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам i Мацi Яго, i браты Яго, i вучні Яго, i там заставаліся некалькі дзён.
2:13І набліжалася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
2:14i знайшоў, што ў храме прадавалі валоў і авечак, і галубоў, i сядзелі мянялы грошай;
2:15і, зрабiўшы біч з вяровак, усiх выгнаў з храма, і авечак, i валоў, і парассыпаў грошы мянялаў i сталы перавярнуў;
2:16i прадаўцам галубоў сказаў: забярыце гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам гандлю.
2:17I ўспомнілі вучні Яго, што напісана: «клопат пра дом Твой паглынае Мяне».
2:18На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаменнем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
2:19У адказ Іісус сказаў ім: разбурыце храм гэты, i Я за тры дні ўзвяду яго.
2:20І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго?
2:21Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.
2:22Калі ж Ён уваскрэс з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
2:23А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя Яго, бачачы цуды, якія Ён тварыў.
2:24Але Сам Іісус не давяраўся ім, таму што Сам ведаў усiх,
2:25i не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.