Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1Наконт таго, пра што вы пісалі мне: добра, каб чалавек не дакрана́ўся да жанчыны.
7:2Але, каб пазбегнуць блуду, няхай кожны ма́е сваю жонку, і няхай кожная ма́е свайго мужа.
7:3Муж няхай праяўля́е да жонкі нале́жную лю́басць; гэтаксама і жонка да мужа.
7:4Жонка не ма́е ўлады над сваім целам, але муж; гэтаксама і муж не ма́е ўлады над сваім целам, але жонка.
7:5Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба́ што па згодзе, на час, каб аддацца посту і малітве, і зноў будзьце разам, каб не спакуша́ў вас сатана праз няўстры́манасць вашу.
7:6Але кажу гэта, саступа́ючы, а не зага́дваючы.
7:7Бо жадаю, каб усе людзі былí, як і я; але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін — так, другі — інакш.
7:8Нежанатым і ўдовам кажу: добра, каб яны засталíся так, як і я;
7:9але калі не могуць устрыма́цца, няхай уступа́юць у шлюб, бо лепш уступíць у шлюб, чым распаля́цца.
7:10А тым, хто ў шлюбе, не я зага́дваю, а Гасподзь: жонцы не разво́дзіцца з мужам, —
7:11калі ж развядзе́цца, няхай застае́цца незаму́жняю альбо няхай прымíрыцца з мужам, — і мужу не пакіда́ць жонкі.
7:12Астатнім жа я кажу, а не Гасподзь: калі які брат ма́е жонку няверуючую і яна згодна жыць з ім, то няхай не пакіда́е яе;
7:13і жонка, якая ма́е мужа няверуючага, і ён згодны жыць з ёю, няхай не пакіда́е яго;
7:14бо няверуючы муж асвяча́ецца жонкаю веруючаю, і жонка няверуючая асвяча́ецца мужам веруючым; бо інакш дзеці вашы былí б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
7:15Калі ж няверуючы хоча разве́сціся, няхай разводзіцца; брат ці сястра ў такіх вы́падках не прыняво́лены; да міру заклíкаў нас Гасподзь.
7:16Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не спасеш мужа́ Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці не спасеш жонку?
7:17Толькі кожны, як вызначыў яму Бог, кожны, як паклікаў яго Гасподзь, — няхай так і жыве; і такі наказ я даю па ўсіх цэрквах.
7:18Калі хто паклíканы, будучы абрэ́заным, няхай не хавае гэтага; калі хто паклíканы, будучы неабрэ́заным, няхай не абрэ́зваецца.
7:19Абрэ́занне — нішто, і неабрэ́занне — нішто, а ўсё ў выкананні запаведзяў Божых.
7:20Кожны няхай застае́цца ў тым званні, у якім быў паклíканы.
7:21Ты паклíканы, будучы рабом? Не турбуйся. Але калі і можаш стаць вольным, то выберы лепшае.
7:22Таму што раб, паклíканы ў Госпадзе, з’яўляецца вольным у Госпада; таксама і пакліканы вольны з’яўляецца рабом Хрыстовым.
7:23Вы куплены дарагою цаною; не станавіцеся раба́мі людзей.
7:24Кожны, у якім званні быў паклíканы, браты, у тым няхай і застае́цца перад Богам.
7:25Наконт дзявоцтва я наказу Госпада не ма́ю, а даю пара́ду як той, хто па міласці Госпада варты даверу.
7:26Дык вось, лічу, што з – за цяперашніх цяжкасцей добра заставацца так, што добра для чалавека жыць так.
7:27Ты звязаны з жонкаю́ не шукай разводу. Ты застаўся без жонкí не шукай жонкі.
7:28Аднак калі і ажэнішся, то не саграшы́ш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, то не саграшы́ць. Але яны будуць цярпець нягоды цялесныя; а я шкадую вас.
7:29Вось што кажу вам, браты: час ужо кароткі, так што і тыя, хто ма́е жонку, павінны жыць, як тыя, хто не ма́е;
7:30і хто плача — як тыя, хто не плача; і хто радуецца — як тыя, хто не радуецца; і хто купляе — як тыя, хто не набыва́е;
7:31і хто карыстаецца светам гэтым — як тыя, хто не карыстаецца; бо міна́е аблічча свету гэтага.
7:32А я хачу, каб вы не мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду;
7:33а жанаты клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць жонцы. Ёсць розніца паміж замужняю жанчынаю і дзяўчынаю;
7:34незамужняя клапо́ціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду, каб быць святою і целам, і духам; а замужняя клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць мужу.
7:35Кажу гэта для вашай жа карысці: не для таго, каб накінуць на вас путы, а каб вы былі добрапрыстойнымі і заставаліся з Госпадам няўхільна.
7:36Калі ж хто лíчыць непрыстойным для сваёй дзяўчыны, што яна, пераспе́ўшы, застане́цца так, той няхай робіць як хоча — ён не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж.
7:37Але хто непарушна цвёрды ў сэрцы сваім і не зму́шаны неабходнасцю, а ма́е ўладу рабіць па волі сваёй і ў сэрцы сваім вырашыў захаваць яе дзяўчынаю, той добра робіць.
7:38Таму той, хто выдае́ замуж сваю дзяўчыну, робіць добра, а хто не выдае́, робіць лепш.
7:39Жонка звя́зана законам, пакуль жывы муж яе; калі ж муж яе памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
7:40Але блажэннейшая яна, калі застане́цца так, паводле майго меркавання; а думаю, што і я ма́ю Духа Божага.