Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 12

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 12
12:1Тым часам, калі сабраліся многія тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць найперш вучням Сваім: сцеражыцеся закваскі фарысейскай, гэта значыць крывадушнасці.
12:2Няма нічога схаванага, што не адкрыецца, і таемнага, што не стане вядомым;
12:3таму ўсё, што казалі вы ў цемры, пры святле пачута будзе; і што вы прамовілі на вуха ў пакоі, будзе абвешчана на дахах.
12:4Кажу ж вам, сябрам Маім: не бойцеся тых, што забіваюць цела і пасля гэтага нічога больш не могуць зрабіць;
12:5але ўкажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; так, кажу вам, яго бойцеся.
12:6Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? і ніводзін з іх не забыты перад Богам.
12:7А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Таму не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
12:8Гавару ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі;
12:9а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, той адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі.
12:10І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто будзе зневажаць Духа Святога, таму не будзе даравана.
12:11Калі ж прывядуць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад, не турбуйцеся, як ці што адказаць, альбо што гаварыць;
12:12бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
12:13І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён раздзяліў са мною спадчыну.
12:14Ён жа сказаў яму: чалавеча, хто Мяне паставіў судзіць або дзяліць вас?
12:15І сказаў ім: глядзіце, захоўвайце сябе ад хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад празмернай яго маёмасці.
12:16І расказаў ім прытчу, гаворачы: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
12:17І ён разважаў, сам сабе кажучы: што мне рабіць? не маю куды сабраць свой ураджай.
12:18І сказаў: вось што зраблю: разбяру свірны мае і большыя збудую, і збяру туды ўсе плады свае і ўсё дабро сваё;
12:19і скажу душы сваёй: душа! маеш многа дабра, на многія гады складзенага — адпачывай, еш, пі, весяліся.
12:20А Бог сказаў яму: неразумны! у гэтую ноч душу тваю забяруць ад цябе; а тое, што ты назапасіў, каму дастанецца?
12:21Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не ў Бога багацее.
12:22І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся для душы вашай, што будзеце есці, ні для цела, у што апранецеся;
12:23душа больш значыць за ежу, а цела за адзенне.
12:24Паглядзіце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць, не маюць ні каморы, ні свірна, і Бог корміць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак!
12:25І хто з вас, турбуючыся, можа падоўжыць свой век хоць на адзін локаць?
12:26Дык вось, калі і найменшага не можаце, чаго пра іншае турбуецеся?
12:27Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй так не апранаўся, як кожная з іх.
12:28Калі ж траву, якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкінутая, Бог убірае так, то тым болей вас, малаверы!
12:29І вы не шукайце, што вам есці, ці што піць, і не клапаціцеся,
12:30бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету; Айцец жа ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
12:31шукайце толькі Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
12:32Не бойся, малое стада! Бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.
12:33Прадайце маёмасць вашую і раздайце як міласціну. Рыхтуйце сабе мяхі, якія не зношваюцца, скарб невычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не знішчае;
12:34бо дзе скарб ваш, там і сэрца ваша будзе.
12:35Няхай будуць паясніцы вашыя падперазанымі і свяцільнікі запаленымі;
12:36а вы — падобнымі да людзей, што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
12:37Блажэнныя рабы тыя, якіх, прыйшоўшы, гаспадар застане нядрэмнымі; праўду кажу вам: падперажэцца ён і пасадзіць іх за стол, і, падышоўшы, будзе прыслужваць ім.
12:38І калі прыйдзе ў другую варту, і калі ў трэцюю варту прыйдзе, і застане іх такімі, то блажэнныя рабы тыя.
12:39Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў, у які час прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы падкапаць дом свой.
12:40Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
12:41Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі! нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?
12:42А Гасподзь сказаў: Хто ж ёсць верны домаўпраўнік і мудры, якога паставіць гаспадар над чэляддзю сваёю, каб даваў ім у свой час меру хлеба?
12:43Блажэнны раб той, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так;
12:44праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
12:45Калі ж скажа раб той у сэрцы сваім: «не хутка гаспадар мой прыйдзе», і пачне біць слуг і служанак, есці і піць, і напівацца, —
12:46прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, якой ён не ведае, і рассячэ яго напалам, і вызначыць яму адзін лёс з нявернымі.
12:47Той раб, які ведаў волю гаспадара свайго і не падрыхтаваўся і не зрабіў па волі яго, будзе біты многа;
12:48а той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае пакарання, будзе біты мала. З кожнага, каму дадзена многа, многа будзе спагнана з яго, і каму даручана многае, большага будуць патрабаваць ад яго.
12:49Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю, і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся!
12:50Хрышчэннем маю Я быць ахрышчаны, і як Я тамлюся, пакуль гэта не здзейсніцца!
12:51Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? не, кажу вам, а хутчэй раздзяленне;
12:52бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзеленыя: трое супраць двух і двое супраць трох;
12:53раздзеляцца: бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві сваёй.
12:54Гаварыў Ён і народу: калі вы бачыце, што хмара падымаецца з захаду, адразу кажаце: «будзе дождж», і бывае так;
12:55і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: «будзе спёка», і бывае.
12:56Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не распазнаяце?
12:57Чаму ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
12:58Бо калі ты ідзеш з праціўнікам сваім да начальніка, то па дарозе пастарайся пазбавіцца ад яго, каб ён не пацягнуў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе прыставу, а прыстаў не кінуў цябе ў цямніцу;
12:59кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.