Священное Писание

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1І вас, мёртвых з – за злачы́нстваў і грахоў вашых,
2:2у якіх вы не́калі жылі паводле звы́чаю свету гэтага, па волі князя, які ўлада́рыць у паветры, — духа, які дзейнічае цяпер у сынах праціўле́ння,
2:3сярод якіх і мы ўсе не́калі жылí ў пажа́днасцях плоці нашай, выко́нваючы жаданні плоці і помыслаў, і былí па прыродзе дзе́цьмі гневу, як і астатнія,
2:4Бог, багаты міласцю, па вялікай любові Сваёй, якою Ён нас узлюбіў,
2:5і нас, мёртвых з – за злачы́нстваў, ажывіў разам з Хрыстом — благадаццю вы спасёныя —
2:6і ўваскрасіў з Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысце Іісусе,
2:7каб явіць у наступных вяках надзвыча́йнае багацце благадаці Сваёй добрасцю да нас у Хрысце Іісусе.
2:8Бо благадаццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар:
2:9не за справы, каб ніхто не хваліўся.
2:10Бо мы — стварэнне Яго, мы створаны ў Хрысце Іісусе на добрыя справы, якія прадвы́значыў нам Бог выконваць.
2:11Таму па́мятайце, што вы, не́калі язычнікі па плоці, якіх называлі неабрэ́занымі так званыя абрэ́заныя на плоці рукатворна,
2:12што вы былí ў той час без Хрыста, адчу́жаныя ад грамадства Ізраільскага і чужыя для запаветаў абяца́ння, не мелі надзеі і былí бязбожнікамі ў свеце;
2:13цяпер жа ў Хрысце Іісусе вы, якія некалі былі далёка, сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову.
2:14Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з абодвух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх,
2:15скасава́ўшы варожасць Плоццю Сваёю, а закон запаведзяў — вучэннем, каб з двух ствары́ць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір,
2:16і ў адным целе прыміры́ць абодвух з Богам праз крыж, знішчыўшы варожасць на ім;
2:17і, прыйшоўшы, дабраве́сціў мір вам, далёкім і блізкім,
2:18таму што праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
2:19Дык вось, вы ўжо не чужы́нцы і не пры́хадні, а суграмадзя́не святых і дамача́дцы Бога,
2:20усталява́ныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы краевуго́льным каменем Самога Іісуса Хрыста,
2:21на якім уся пабудова, зла́джана ўзво́дзячыся, выраста́е ў святы храм у Госпадзе,
2:22на якім і вы разам выбудо́ўваецеся ў жытло Божае ў Духу.