Священное Писание

Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1Дык стойце ж у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вы́зваліў нас, і не аддавайце сябе зноў у ярмо рабства.
5:2Вось, я, Павел, кажу вам: калі вы будзеце абрэ́звацца, то не будзе вам ніякае карысці ад Хрыста.
5:3Яшчэ све́дчу кожнаму чалавеку, які абрэ́зваецца, што ён павінен вы́канаць увесь закон.
5:4Вы, якія апра́ўдваеце сябе законам, засталíся без Хрыста, адпа́лі ад благадаці,
5:5а мы духам з надзеяй чакаем праведнасці ад веры.
5:6Бо ў Хрысце Іісусе не мае сілы ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.
5:7Вы беглі добра: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісціне́
5:8Гэтае ўздзеянне не ад Таго, Хто закліка́е вас.
5:9Мала́я закваска ўсё цеста заквашвае.
5:10адносна вас я ўпэўнены ў Госпадзе, што вы не будзеце думаць інакш; а той, хто сее смуту сярод вас, панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
5:11Я ж, браты, калі б усё яшчэ прапаведаваў абрэзанне, то за што б мяне гналі яшчэ́ тады б знікла спакуса крыжа.
5:12Няхай аско́пяць сябе тыя, што сеюць смуту сярод вас!
5:13Вы ж да свабоды заклíканы, браты, каб толькі свабода тая не была́ дагаджа́ннем плоці; а вы любоўю служы́це адзін аднаму.
5:14Бо ўвесь закон у адным выслоўі змяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе».
5:15Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб адзін адным не былі вы знíшчаны.
5:16Я кажу: жывіце паводле духу, і вы не будзеце выконваць пажа́днасцей плоці;
5:17бо плоць жадае таго, што супраціўнае духу, а дух — тыго, што супраціўнае плоці: яны адно аднаму супрацьстая́ць, каб вы не тое рабілі, чаго хацелі б.
5:18Калі ж вы духам кіруецеся, то вы не пад законам.
5:19Учынкі плоці вядомы, вось яны: пралюбадзе́йства, блуд, нечыстата́, разбэ́шчанасць,
5:20ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, за́йздрасць, гнеў, зва́ды, раздоры, спакусы, ерасі,
5:21нянавісць, забойствы, п'янства, бясчынствы і таму падобнае; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнаследуюць.
5:22Плод жа духу: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера,
5:23лагоднасць, устры́манасць. На такіх няма закону.
5:24Тыя ж, якія належаць Хрысту, распялі цела са страсцямі і пажаднасцямі.
5:25Калі мы жывём духам, то паводле духу і ўчынкі рабіць павінны.
5:26Не будзем ганарыцца сабою, адзін аднаго раздражня́ць, адзін аднаму зайздросціць.