Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1І сталася: калі народ ціснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага;
5:2убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамывалі мярэжы.
5:3Увайшоўшы ў адну з лодак, якая належала Сіману, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
5:4А калі скончыў гаварыць, сказаў Сіману: адплыві на глыбіню, і закіньце мярэжы вашы для лову.
5:5І сказаў Сіман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэжу.
5:6І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэжа іх прарывалася.
5:7І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
5:8Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
5:9Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі;
5:10а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзеевых, што былі таварышамі Сімана. І сказаў Сіману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
5:11І, выцягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
5:12І сталася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у праказе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, молячы Яго і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
5:13І, працягнуўшы руку, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу праказа сышла з яго.
5:14І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за ачышчэнне тваё, як загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
5:15Але ўсё болей разыходзіліся чуткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаляцца ў Яго ад немачаў сваіх.
5:16Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.
5:17І сталася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілейскіх і Іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподня была, каб ацаляць іх;
5:18вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесці яго і пакласці перад Іісусам;
5:19і, не знайшоўшы як пранесці яго з – за натоўпу, яны, падняўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэдзіну перад Іісусам.
5:20І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
5:21І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што Бога зневажае? хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога?
5:22Іісус жа, зразумеўшы помыслы іх, сказаў ім у адказ: што разважаеце ў сэрцах вашых?
5:23што лягчэй — сказаць: «адпускаюцца табе грахі твае» ці сказаць: «устань і хадзі»?
5:24Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — Ён сказаў паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
5:25І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, славячы Бога.
5:26І жах ахапіў усіх, і славілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзіўнае бачылі мы сёння.
5:27І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мытніка імем Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
5:28І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.
5:29І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было там мноства мытнікаў і іншых, якія з імі ўзляжалі.
5:30І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, кажучы: навошта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п‘яце?
5:31І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
5:32Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
5:33Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы посцяцца часта і малітвы дзеюць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае ядуць і п‘юць?
5:34Ён жа сказаў ім: хіба можаце вы прымусіць пасціць сыноў харомаў вясельных, калі з імі жаніх?
5:35Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні.
5:36Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзежыны новай не прыстаўляе да адзежыны старой; інакш і новую разарве, і да старой не падыдзе латка ад новай.
5:37І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя; інакш прарве маладое віно мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
5:38а віно маладое ў мяхі новыя ўліваць трэба: і зберагаецца тое і другое.
5:39І ніхто, піўшы старое, не захоча адразу маладога, бо кажа: старое лепшае.