Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 17

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 17
17:1І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару высокую адных,
17:2і перамяніўся перед імі, і заззяла аблічча Яго, як сонца, а ўбранне Яго стала белае, як святло.
17:3I вось, явіліся ім Маісей і Ілія, і з Ім гутарылі.
17:4Азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры: Табе адну, і Маісею адну, і адну Іліі.
17:5Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахінула іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.
17:6І пачуўшы, вучні ўпалі на твары свае і вельмі перапалохаліся.
17:7І прыступіўшы, Іісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.
17:8А узвёўшы вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.
17:9І калі сыходзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажыце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
17:10І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ілія мае прыйсці раней?
17:11Іісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе усё;
17:12але кажу вам, што Ілія ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
17:13Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысціцеля казаў ім.
17:14І калі прыйшлі яны да люду, надышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад ім,
17:15сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду;
17:16я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.
17:17А Іісус сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды.
17:18І забараніў яму Іісус; і выйшаў з яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
17:19Тады вучні, прыступіўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
17:20А Іісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога не будзе немагчымага вам.
17:21Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
17:22У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,
17:23і заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне. І засмуціліся яны вельмі.
17:24Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі збіральнікі дыдрахмаў да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці не дасць дыдрахмы?
17:25Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Іісус, напярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сімане? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?
17:26Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыцца, сыны свабодныя;
17:27але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.