Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 15

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 15
15:1Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
15:2І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.
15:3А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
15:4хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустыні і не ідзе па тую, што згубілася, пакуль не знойдзе яе?
15:5І, знайшоўшы, ускладае на плечы свае, радуючыся;
15:6і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: парадуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згубленую авечку.
15:7Кажу вам, што гэтак большая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў пакаянні.
15:8Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае свяцільнік і не мяце хату, і не шукае старанна, пакуль не знойдзе?
15:9І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: парадуйцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму.
15:10Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
15:11І Ён сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
15:12і сказаў малодшы з іх бацьку: бацька, дай мне належную частку маёмасці. І той падзяліў ім маёмасць.
15:13І праз некалькі дзён, сабраўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краіну і там растраціў маёмасць сваю, жывучы распусна.
15:14Калі ж ён патраціў усё, настаў голад вялікі ў той краіне, і ён пачаў цярпець нястачу;
15:15і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней;
15:16і ён жадаў напоўніць жывот свой ражкамі, якія елі свінні, але ніхто не даваў яму.
15:17І, прыйшоўшы да розуму, сказаў: колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь, а я з голаду гіну;
15:18устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою,
15:19і ўжо не варты называцца сынам тваім; прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх.
15:20І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся на шыю яму і пацалаваў яго.
15:21Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою і ўжо не варты называцца сынам тваім.
15:22А бацька сказаў рабам сваім: прынясіце найлепшае адзенне і апраніце яго, і дайце персцень на руку яго і абутак на ногі;
15:23і прывядзіце ўкормленае цяля і зарэжце, будзем есці і весяліцца,
15:24бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
15:25А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому, пачуў музыку і танцы,
15:26і, паклікаўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?
15:27Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэзаў укормленае цяля, бо здаровым яго спаткаў.
15:28І ён разгневаўся і не хацеў увайсці. Бацька ж яго выйшаў і прасіў яго.
15:29А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі загаду твайго не пераступіў, а ты мне ніколі не даў казляняці, каб я з сябрамі сваімі павесяліўся;
15:30а калі прыйшоў гэты сын твой, што праеў тваю маёмасць з блудніцамі, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
15:31Ён жа сказаў яму: дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
15:32а ўзвесяліцца і ўзрадавацца трэба было, што гэты брат твой мёртвы быў і ажыў, прападаў і знайшоўся.