Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 15

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 15
15:1Тады прыходзяць да І Ісуса Іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:
15:2навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо не ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
15:3А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
15:4Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ.
15:5А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу – тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
15:6той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
15:7Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:
15:8« Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іх далёка адлягае ад Мяне;
15:9але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, запаведзям чалавечым».
15:10І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
15:11не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
15:12Тады вучні Яго, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусіліся?
15:13А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца;
15:14пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
15:15А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
15:16Іісус сказаў: няўжо і вы яшчэ не маеце разумення?
15:17ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і вывяргаецца прэч?
15:18а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
15:19бо з сэрца выходзяць ліхія помыслы, забойствы, пралюбадзействы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, знявагі:
15:20гэта апаганьвае чалавека; а есці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
15:21І выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у межы Тырскія і Сідонскія.
15:22І вось, жанчына Хананеянка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
15:23Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць за намі.
15:24А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
15:25А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
15:26А Ён сказаў у адказ: нядобра – узяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам.
15:27Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх.
15:28Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
15:29Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
15:30І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сляпых, нямых, знявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацаліў іх;
15:31так што людзі здзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, знявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
15:32А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
15:33І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
15:34І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
15:35І загадаў людзям узлегчы на зямлю.
15:36I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
15:37І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
15:38А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
15:39І адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.