Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 18

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 18
18:1Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
18:2кажучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
18:3І была ў тым горадзе адна ўдава; і яна прыходзіла да яго і казала: абарані мяне ад праціўніка майго.
18:4А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
18:5але паколькі робіць мне клопат гэтая ўдава, абараню яе, каб яна не прыходзіла бясконца і не дакучала мне.
18:6І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаворыць суддзя няправедны?
18:7А хіба Бог не стане на абарону выбраных Сваіх, якія клічуць Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць у дачыненні да іх?
18:8Кажу вам, што Ён хутка стане на абарону іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
18:9Сказаў жа і да некаторых, што былі ўпэўнены ў сабе, быццам яны праведнікі, а іншых прыніжалі, такую прытчу:
18:10Два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
18:11Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікі, няправедныя, распуснікі, або як гэты мытнік:
18:12пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
18:13Мытнік жа, стоячы воддаль, не смеў і вачэй узняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа! будзь міласцівы да мяне, грэшнага.
18:14Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўданы, чым той: бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
18:15Прыносілі да Яго і малых дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забаранялі ім.
18:16Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае;
18:17праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
18:18І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
18:19Сказаў жа яму Іісус: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог;
18:20ведаеш запаведзі: «не пралюбадзейнічай, не забівай, не крадзі, не сведчы лжыва, шануй бацьку твайго і маці тваю».
18:21Ён жа сказаў: усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
18:22Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.
18:23Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
18:24Убачыўшы, што той моцна засмуціўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае!
18:25Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
18:26І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа быць збаўлены?
18:27Ён жа сказаў: немагчымае людзям магчыма Богу.
18:28І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакінулі і пайшлі ўслед за Табою.
18:29Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,
18:30і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця вечнага.
18:31І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і збудзецца ўсё напісанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
18:32бо Ён выдадзены будзе язычнікам і абсмяяны, і зняважаны, і апляваны,
18:33і пасля бічавання заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
18:34Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было слова гэтае скрыта ад іх, і яны не ўсведамлялі сказанага.
18:35І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы;
18:36і пачуўшы, што міма праходзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
18:37Паведамілі яму, што Іісус Назаранін праходзіць.
18:38І закрычаў ён, кажучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памілуй мяне!
18:39І тыя, што ішлі спераду, патрабавалі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
18:40Спыніўшыся, Іісус загадаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся да Яго, спытаў яго,
18:41кажучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
18:42Іісус сказаў яму: стань відушчым! вера твая ўратавала цябе.
18:43І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога. І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узнеслі хвалу Богу.