Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Паколькі ўжо многія ўзяліся складаць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбыліся,
1:2як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і служыцелямі Слова,
1:3прыйшло на думку і мне, дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле,
1:4каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння, у якім быў настаўлены.
1:5Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар імем Захарыя, з Авіевай чаргі; і жонка яго з роду Ааронавага, імя ёй Елісавета.
1:6Былі яны абое праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленняў Гасподніх беззаганна.
1:7І не мелі яны дзіцяці, бо Елісавета была няплодная, і абое былі ўжо на схіле гадоў сваіх.
1:8І сталася: калі ў парадку сваёй чаргі ён служыў перад Богам,
1:9выпала яму, паводле звычаю святарскага, кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні,
1:10а ўсё мноства людзей малілася звонку ў час каджэння;
1:11і явіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка.
1:12І сумеўся Захарыя, убачыўшы, і страх напаў на яго.
1:13Але Ангел сказаў яму: не бойся, Захарыя, бо пачута малітва твая, і жонка твая Елісавета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Іаан,
1:14і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэнню яго ўзрадуюцца;
1:15бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна і сікеру; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;
1:16і многіх з сыноў Ізраілевых зверне да Госпада Бога іх;
1:17і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы.
1:18І сказаў Захарыя Ангелу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая на схіле гадоў сваіх.
1:19І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што стаю перад Богам і пасланы гаварыць з табой і дабравесціць табе гэта;
1:20і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збудзецца гэта, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія здзейсняцца ў свой час.
1:21І чакаў народ Захарыю і здзіўляўся, што ён марудзіць у храме.
1:22Ён жа, выйшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзенне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямым.
1:23І сталася: калі скончыліся дні служэння яго, пайшоў ён у дом свой.
1:24Пасля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка яго , і таілася пяць месяцаў, і гаварыла:
1:25так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спаглянуў, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.
1:26А ў шосты месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі пад назвай Назарэт
1:27да Дзевы, заручанай з мужам, імя якому Іосіф, з дому Давідавага; а імя Дзевы — Марыя.
1:28І ўвайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын.
1:29Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слова яго і разважала, што ж гэта за вітанне.
1:30І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога.
1:31І вось, зачнеш ва ўлонні, і народзіш Сына, і назавеш Яго імем Іісус.
1:32Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;
1:33і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца.
1:34І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?
1:35Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе на Цябе і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе; таму і Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа;
1:36і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;
1:37бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова.
1:38Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподня; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел.
1:39І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспешнасцю ў горны край, у горад Іудаў;
1:40і ўвайшла ў дом Захарыі, і павітала Елісавету.
1:41І сталася: калі пачула Елісавета вітанне Марыіна, устрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым,
1:42і ўсклікнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод улоння Твайго!
1:43І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
1:44Бо, калі голас вітання Твайго дайшоў да вушэй маіх, устрапянулася дзіцятка радасна ва ўлонні маім.
1:45І блажэнная Тая, што паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
1:46І сказала Марыя: велічае душа Мая Госпада,
1:47і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збавіцелі Маім,
1:48што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэннай усе роды;
1:49бо ўчыніў Мне вялікае Моцны, і святое імя Яго;
1:50і міласэрнасць Яго ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
1:51Ён праявіў сілу рукою Сваёю; рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх;
1:52скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пакорлівых;
1:53галодных здаволіў дабром, а багатых адпусціў ні з чым;
1:54прыхінуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласць, —
1:55як гаварыў бацькам нашым, — да Аўраама і семені яго давеку.
1:56Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
1:57А Елісавеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
1:58І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю.
1:59І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
1:60І, адказваючы, маці яго сказала: не, а названы будзе Іаанам.
1:61І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым імем.
1:62І знакамі пыталіся ў бацькі яго, як бы ён хацеў, каб назвалі яго.
1:63І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя яму. І здзівіліся ўсе.
1:64І адразу адкрыліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўляючы Бога.
1:65І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным краі Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.
1:66І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрцы сваім, кажучы: што будзе з дзіцяці гэтага? І рука Гасподня была з ім.
1:67І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
1:68благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і выкупіў яго;
1:69і ўзняў нам рог збаўлення ў доме Давіда, слугі Свайго,
1:70як сказаў вуснамі святых Сваіх прарокаў адвеку,
1:71што збавіць нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, хто ненавідзіць нас;
1:72каб зрабіць міласць бацькам нашым і ўспомніць запавет Свой святы,
1:73клятву, якой кляўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,
1:74вызваленым ад рукі ворагаў нашых, без боязі
1:75служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
1:76І ты, дзіця, прарокам Усявышняга будзеш названа, бо ты будзеш ісці перад абліччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхі Яму,
1:77даць народу Яго спазнаць збаўленне ў адпушчэнні грахоў,
1:78па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наведаў нас Усход з вышыні,
1:79каб асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці, скіраваць ногі нашы на шлях міру.
1:80Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было ў пустынях да дня з‘яўлення свайго Ізраілю.