Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 27 | |
27:1 | Калі ж было́ вы́рашана плыць нам у Італію, то перадалí Паўла і некато́рых іншых вя́зняў сотніку па íмені Юлій з палка́ А́ўгуста. |
27:2 | Узышо́ўшы на Адрамíцкі карабе́ль і сабра́ўшыся плыць праз асійскія мясціны, мы адпра́віліся; з намі быў Арыстарх Македо́нянін з Фесало́нікі. |
27:3 См.: 🔗Дзеян. 24:23 | На другі дзень мы прыплылí ў Сідон; і Юлій, абыхо́дзячыся з Паўлам чалавекалю́бна, дазволіў яму пайсцí да сяброў і атрыма́ць ад іх дапамо́гу. |
27:4 | Адпра́віўшыся адтуль, мы падплылí да Кіпра, бо вятры́ былí супрацíўныя; |
27:5 | і, пераплыўшы мора насу́праць Кілікíі і Памфілíі, мы прыбылí ў Мíры Лікíйскія. |
27:6 | Там сотнік, знайшо́ўшы Александры́йскі карабе́ль, які плыў у Італію, пасадзíў нас на яго. |
27:7 | Многія дні плывучы́ мару́дна і з цяжкасцю наблізіўшыся да Кнíда з – за неспрыя́льнага нам ветру, мы падплылí да Крыта каля Салмо́ны; |
27:8 | і, з ця́жкасцю міну́ўшы яго, мы прыбылí да нейкага месца, якое называ́лася Добрыя Пры́стані і непадалёку ад якога быў горад Ласе́я. |
27:9 | Калі ж прайшло многа часу і пла́ванне ўжо зрабілася небяспе́чным, бо ўжо і пост міну́ў, Павел перасцерага́ў, |
27:10 | ка́жучы ім: мужы́! я бачу, што пла́ванне пагража́е перашко́дамі і стра́тамі не толькі грузу і караблю́, але і жыццю́ нашаму. |
27:11 | Аднак сотнік больш давяра́ў стырнаво́му і ўлада́льніку карабля́, чым сло́вам Паўла. |
27:12 | Паколькі ж пры́стань была́ непрыда́тнай для зімоўкі, то большасць прапаноўвала адплыць адтуль, каб дабра́цца, калі будзе магчымасць, да Фінíка, га́вані Крыцкай, адкрытай на паўднёвы за́хад і паўно́чны за́хад, і перазімаваць. |
27:13 | Калі ж падзьму́ў паўднёвы вецер, яны, спадзеючы́ся, што дасягну́ць сваёй мэты, адпра́віліся і паплылí ўздоўж Кры́та. |
27:14 | Але неўзаба́ве пасля гэтага наляцеў з боку Крыта бу́рны вецер, які называецца эўраклідо́н. |
27:15 | Паколькі карабе́ль падхапíла і ён не мог працíвіцца ветру, мы паддалíся хвалям, і нас насíла. |
27:16 | Наблíзіўшыся да нейкага астраўка́ пад назвай Кла́ўда, мы ледзьве змаглі ўтрыма́ць лодку; |
27:17 | падня́ўшы яе, пачалí, выкарысто́ўваючы кана́ты, абвя́зваць карабе́ль; а баючы́ся, каб не сесці на мель, спусцілі ве́тразь, і так насíліся. |
27:18 | І паколькі нас моцна шпурля́ла бу́раю, то на другі дзень пачалí выкіда́ць груз, |
27:19 | а на трэці мы сваімі рукамі павыкіда́лі асна́стку карабля́. |
27:20 | Калі ж ні сонца, ні зоры не пака́зваліся многія дні, а моцная бура наляга́ла, то ўрэшце прапала ўсякая надзея, што мы вы́ратуемся. |
27:21 | І паколькі доўга не елі, то Павел, ста́ўшы пасяро́д іх, сказаў: мужы́! трэба было́ паслу́хацца мяне і не адплыва́ць ад Крыта, тады б мы пазбе́глі перашкод гэтых і страт; |
27:22 | а цяпер закліка́ю вас узбадзёрыцца, бо з вас ніводная душа́ не загíне, а толькі карабе́ль; |
27:23 | бо явіўся мне гэтай ноччу Ангел ад Бога, Якому я нале́жу і Якому служу́, |
27:24 См.: 🔗Быт. 39:5 | і сказаў: не бойся, Павел! табе нале́жыць з'явíцца перад ке́сарам, і вось, Бог падарава́ў табе ўсіх, хто плыве з табою. |
27:25 | Таму ўзбадзёрцеся, мужы́, бо я веру Богу, што будзе так, як ска́зана мне: |
27:26 См.: 🔗Дзеян. 28:1 | на нейкі востраў нале́жыць нам быць вы́кінутымі. |
27:27 | Калі ж настала чатырна́ццатая ноч, як нас насіла па Адрыяты́чным моры, каля по́ўначы маракі пачалí здага́двацца, што набліжа́юцца да нейкай зямлі, |
27:28 | і калі паме́ралі глыбіню́, атрыма́лася дваццаць са́жняў; праплы́ўшы невялікую адле́гласць, паме́ралі зноў і атрыма́лася пятнаццаць са́жняў. |
27:29 | Баючы́ся, каб неяк не трапіць на камяністыя ме́сцы, кінулі з кармы́ чатыры я́кары, і маліліся, каб настаў дзень. |
27:30 | Калі ж маракí хаце́лі ўцячы́ з карабля́ і спуска́лі лодку ў мора, ро́бячы вы́гляд, што збіра́юцца кінуць з носа я́кары, |
27:31 | Павел сказаў сотніку і воінам: калі яны не застану́цца на караблí, то вы не зможаце вы́ратавацца. |
27:32 | Тады воіны абрэ́залі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. |
27:33 | Перад надыходам дня Павел прасіў усіх прыня́ць ежу, ка́жучы: сёння чатырна́ццаты дзень, як вы ў чаканні застаяце́ся галоднымі, нічога не еўшы; |
27:34 См.: 🔗Мф. 10:30 | таму прашу вас прыня́ць ежу, бо гэта трэба для вашага выратава́ння; ні ў кога ж з вас волас з галавы не прападзе́. |
27:35 | Сказаўшы гэта і ўзя́ўшы хлеб, ён узнёс падзяку Богу перад усімі і, пераламíўшы, пачаў есці. |
27:36 | Тады ўсе ўзбадзёрыліся і таксама прынялí ежу; |
27:37 | было́ ж усіх нас на караблі дзве́сце семдзесят шэсць душ. |
27:38 | Насы́ціўшыся е́жаю, пачалí аблягча́ць карабе́ль і выкіда́ць пшаніцу ў мора. |
27:39 | Калі ж настаў дзень, зямлі не пазнава́лі, а заўва́жылі нейкі залíў, што меў пясчаны бераг, да якога, пара́іўшыся, вы́рашылі, калі змогуць, прыста́ць з караблём. |
27:40 | І, адрэ́заўшы я́кары, пакінулі іх у моры; пры гэтым, адвязаўшы вяроўкі рулёў і падня́ўшы пярэдні ве́тразь па ветры, накірава́ліся да берага. |
27:41 См.: 🔗2Кар. 11:25 | Але, натра́пілі на касу́ і пасадзíлі карабе́ль на мель; нос карабля́ ўвяз і заста́ўся нерухо́мым, а карму́ разбіва́ла сілаю хваль. |
27:42 | Воіны мелі наме́р пазабіва́ць вязняў, каб хто – небудзь, вы́плыўшы, не ўцёк. |
27:43 | Але сотнік, жада́ючы вы́ратаваць Паўла, утрыма́ў іх ад гэтага наме́ру і загада́ў тым, хто ўмее плаваць, першымі кíнуцца і выхо́дзіць на бераг, |
27:44 | а аста́тнім ратава́цца – каму на дошках, каму яшчэ на якіх абло́мках карабля́. І так ста́лася, што ўсе цэ́лымі вы́браліся на зямлю́. |