Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 23

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 23
23:1Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
23:2кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
23:3дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, і неробяць:
23:4звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;
23:5а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;
23:6а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах, і наперадзе сядзець у сінагогах,
23:7і вітанні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Вучыцель!вучыцель!»
23:8А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
23:9і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
23:10і не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
23:11Большы з вас няхай будзе вам слуга:
23:12бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе; а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.
23:13Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
23:14Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большае асуджэнне.
23:15Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
23:16Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».
23:17Неразумныя і сляпыя! што большае: золата, ці храм, які асвячае золата?
23:18І: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».
23:19Неразумныя і сляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?
23:20Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
23:21і той, хто прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
23:22і той, хто прысягае небам, прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23:23Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
23:24Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
23:25Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце знешнасць чашы і місы, а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.
23:26Фарысей сляпы! ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы, каб чыстая была і знешнасць іх.
23:27Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;
23:28так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
23:29Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
23:30і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў»;
23:31тым самым вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
23:32дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
23:33Змеі, адроддзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэння ў геену?
23:34Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
23:35каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
23:36Праўду кажу вам: усё гэта спадзе на род гэты.
23:37Іерусаліме, Іерусаліме, ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі!
23:38Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
23:39Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння, пакуль не ўсклікнеце: «благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!»