Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 10

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 10
10:1Пасля гэтага абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
10:2і казаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб вывеў работнікаў на жніво Сваё.
10:3Ідзіце! вось Я пасылаю вас як ягнят пасярод ваўкоў.
10:4Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не вітайце.
10:5Калі ж у які дом увойдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
10:6і калі там будзе сын міру, то спачне на ім мір ваш; а калі не, то да вас вернецца;
10:7і ў тым доме заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсць; бо работнік дастойны ўзнагароды сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
10:8І калі ў які горад прыйдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць;
10:9і ацаляйце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблізілася да вас Царства Божае.
10:10А калі ў які горад прыйдзеце і не прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцы яго, скажыце:
10:11і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтрасаем вам; аднак тое ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае;
10:12кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду таму.
10:13Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся;
10:14але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
10:15І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты.
10:16Хто слухае вас, Мяне слухае; і хто адвяргае вас, Мяне адвяргае; а хто адвяргае Мяне, адвяргае Таго, Хто паслаў Мяне.
10:17Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакараюцца нам у імя Тваё.
10:18Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
10:19Вось Я даю вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
10:20аднак таму не радуйцеся, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах.
10:21У той час узрадаваўся духам Іісус і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям. Так, Ойча! бо гэта было добраўгодна перад Табою.
10:22І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перададзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не ведае ніхто, акрамя Айца, і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
10:23І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэнныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце;
10:24бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
10:25І вось, устаў нейкі законнік і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
10:26Ён жа сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
10:27Той жа сказаў у адказ: «узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуменнем тваім», і «бліжняга твайго, як самога сябе».
10:28Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабі гэта, і будзеш жыць.
10:29Але той, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
10:30На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзелі яго і паранілі, і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
10:31Выпадкова адзін святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
10:32Таксама і левіт, быўшы на тым месцы, падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма.
10:33А нейкі Самаранін, што быў ў дарозе, натрапіў на яго і, ўбачыўшы яго, зжаліўся,
10:34і, падышоўшы, перавязаў раны яго, узліваючы алей і віно; і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
10:35а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынарыі і даў гаспадару гасцініцы, і сказаў яму: паклапаціся пра яго, а калі болей што патраціш, я, як вярнуся, аддам табе.
10:36Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў?
10:37Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэтак.
10:38І сталася: калі яны былі ў дарозе, зайшоў Ён у адно паселішча; і жанчына нейкая, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
10:39і была ў яе сястра, што звалася Марыя, якая, сеўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
10:40Марфа ж клапацілася, каб як найлепш услужыць, і, падышоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж не абыякава Табе, што сястра мая адну мяне пакінула ўслужваць? скажы ёй, каб дапамагла мне.
10:41Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
10:42а толькі адно патрэбна; Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.