Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 8

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 8
8:1У тыя дні, калі сабралася многа народу і не мелі чаго есці, Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
8:2шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не маюць чаго есці;
8:3І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
8:4І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?
8:5І спытаў у іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
8:6Тады загадаў людзям узлегчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябоў, узнёсшы падзяку, пераламіў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалі людзям.
8:7І мелі некалькі рыбінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8:8І елі, і насыціліся; і назбіралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
8:9А было тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
8:10І адразу ўвайшоў у лодку і прыбыў з вучнямі Сваімі ў межы Далмануфскія.
8:11І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, дамагаючыся ад Яго знамення з неба, спакушаючы Яго.
8:12І Ён, уздыхнуўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знамення патрабуе? Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму знаменне.
8:13І, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
8:14І забыліся вучні Яго ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба не мелі з сабой у лодцы.
8:15І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
8:16І разважалі між сабой, кажучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
8:17І, ведаючы, Іісус кажа ім: чаму разважаеце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэтуль скамянелае сэрца ваша?
8:18Вочы маючы, не бачыце? Вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
8:19Калі пяць хлябоў пераламіў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
8:20А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набралі? Яны ж адказалі: сем.
8:21І сказаў ім: як жа не разумееце?
8:22І прыходзіць у Віфсаіду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
8:23І, узяўшы за руку сляпога, вывеў яго за паселішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы рукі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
8:24Той, агледзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць.
8:25Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў яго відушчым. І ацаліўся, і стаў бачыць усё выразна.
8:26І адаслаў яго ў дом, кажучы: у паселішча не заходзь і не расказвай нікому ў паселішчы.
8:27І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Кесарыі Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы ім: за каго Мяне прымаюць людзі?
8:28А яны адказалі: за Іаана Хрысціцеля, іншыя — за Ілію, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
8:29Ён сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
8:30І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
8:31І пачаў вучыць іх, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць, быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэснуць.
8:32І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаворваць Яго.
8:33А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
8:34І, паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
8:35Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе.
8:36Бо якую карысць будзе мець чалавек, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць душы сваёй?
8:37Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
8:38Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх перад родам гэтым пралюбадзейным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі святымі.