Священное Писание

Да Цімафея 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3  4 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, паводле абяца́ння жыцця ў Хрысце Іісусе,
1:2Цімафею, узлю́бленаму сыну: благадаць, міласць, мір ад Бога Айца і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
1:3Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленні, што не перастаю́ паміна́ць цябе ў малітвах маіх уночы і ўдзень;
1:4па́мятаючы слёзы твае, я пра́гну ўбачыць цябе, каб мне напоўніцца радасцю;
1:5прыга́дваю сабе тваю некрываду́шную веру, якую раней ме́ла бабуля твая Лаíда і маці твая Яўнíкія; упэўнены, што і ты маеш яе.
1:6З гэтай прычыны напаміна́ю, каб ты падтры́мліваў у сабе агонь да́ру Божага, які ў табе праз усклада́нне рук маіх;
1:7бо даў нам Бог не дух баязлíвасці, а дух сілы, і любові, і разва́жнасці.
1:8Таму не саромейся ні све́дчання пра Госпада нашага Іісуса Хрыста, ні мяне, вязня Яго; а пакутуй разам са мною за дабравесце Хрыстова сілаю Бога,
1:9Які спас нас і паклікаў паклíканнем святым не паводле спраў нашых, а паводле Свайго прадустанаўле́ння і благадаці, да́дзенай нам у Хрысце Іісусе раней часоў адвечных,
1:10а цяпер адкрытай яўле́ннем Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвятлíў жыццё і нятле́ннасць дабравесцем,
1:11для якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і настаўнікам язычнікаў.
1:12З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і ўпэ́ўнены, што Ён ма́е сілу залог мой захаваць на той дзень.
1:13Узору здаровага вучэ́ння, якое ты чуў ад мяне, трымайся з вераю і любоўю ў Хрысце Іісусе.
1:14Захоўвай добры залог сілаю  nbsp;Духа Святога, Які жыве ў нас.
1:15Ты ведаеш, што ўсе Асійцы адвярнуліся ад мяне; сярод іх Фíгел і Ермаген.
1:16Няхай дасць Гасподзь міласць дому Анісíфара за тое, што ён шмат разоў падтры́мліваў мяне і не пасаромеўся аковаў маіх,
1:17а калі быў у Рыме, з вялікім стараннем шукаў мяне і знайшоў.
1:18Няхай дасць яму Гасподзь знайсці міласць у Госпада ў той дзень; а колькі ён паслужыў мне ў Эфэсе, ты лепш ведаеш.