Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 15

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 15
15:1Мы, моцныя, павінны немачы сла́бых насіць, а не сабе дагаджа́ць:
15:2кожны з нас павінен дагаджаць бліжняму на дабро, для ўмацавання.
15:3Бо і Хрыстос не Сабе дагаджа́ў, а як напісана: “знявагі тых, што зневажа́юць Цябе, па́лі на Мяне”.
15:4А ўсё, што было напíсана раней, для нашага настаўлення напíсана, каб мы праз цярпенне і суцяшэнне з Пісанняў захоўвалі надзею.
15:5Бог жа цярпення і суцяшэння няхай дасць вам быць у аднадумстве паміж сабою па Хрысту Іісусу,
15:6каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Іісуса Хрыста.
15:7Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.
15:8Бо кажу я, што Іісус Хрыстос стаў служыцелем для абрэзаных — дзеля ісціны Божай, каб сцве́рдзіць абяцанае айцам,
15:9а для язычнікаў — па міласці, каб яны славілі Бога, як напісана: “за гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і буду спяваць íмені Твайму”.
15:10І яшчэ ска́зана: “узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго”.
15:11І яшчэ: “хваліце Госпада, усе язычнікі, і ўсхваляйце Яго, усе народы”.
15:12І яшчэ Ісаія кажа: “будзе корань Іесе́еў і Той, Хто ўздымецца, каб валодаць язычнікамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць”.
15:13Бог жа надзеі няхай напоўніць вас ўсякаю радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяй.
15:14Я і сам упэўнены ў вас, браты мае́, што і вы поўныя добрасці, напоўненыя ўсякімі ведамі і можаце настаўляць адзін аднаго;
15:15але напісаў я вам, браты, з некато́рай смеласцю, як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне Богам благадаці
15:16быць служыцелем Іісуса Хрыста сярод язычнікаў, свяшчэннадзе́ючы дабравесце Божае, каб язычнікі сталі прынашэннем, угодным Богу, асвячонае Духам Святым.
15:17Дык я магу пахвалíцца ў Хрысце Іісусе сваім служэннем Богу,
15:18бо не адважуся гаварыць ні пра што такое, чаго не здзейсніў Хрыстос праз мяне для паслушэнства язычнікаў, словам і справаю,
15:19сілаю знаме́нняў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што ад Іерусаліма і яго наваколляў да Іліры́ка я распаўсюдзіў дабравесце Хрыстова.
15:20Прытым я лічы́ў за гонар дабраве́сціць не там, дзе ўжо было вядома імя́ Хрыстова, каб не будаваць на чужым падмурку,
15:21а як напісана: “каму не было абвешчана пра Яго, тыя ўбачаць, і хто не чуў, тыя зразумеюць”.
15:22Гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсці да вас.
15:23Цяпер жа, не маючы больш поля дзейнасці ў тых краях, а многія гады жадаючы прыйсці да вас,
15:24як толькі вы́праўлюся ў Іспанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі і што вы праведзяце́ мяне туды, пасля таго як я нацешуся вамі, хоць трохі.
15:25А цяпер я іду ў Іерусалім, каб паслужы́ць святым,
15:26бо Македонія і Ахаія пажадалі сабраць нейкія сродкі для дапамогі бедным сярод святых у Іерусаліме.
15:27Пажадалі, аднак яны і даўжнікі перад імі. Бо калі язычнікі сталі іх супольнікамі ў духоўным, то павінны і ў цялесным паслужы́ць ім.
15:28Вы́канаўшы гэта і ў цэласці перадаўшы ім сабра́нае, я пайду праз вашы мясціны ў Іспанію,
15:29і ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду з паўнатою благаславення дабраве́сця Хрыстовага.
15:30Але прашу вас, браты, дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста і дзеля любові Духа, аказаць мне падтрымку ў малітвах Богу за мяне,
15:31каб мне быць збаўленым ад няверуючых у Іудзеі, і каб служэнне маё ў Іерусаліме было добра прыня́та святымі,
15:32каб я з радасцю прыйшоў да вас, калі на гэта воля Божая, і адпачыў разам з вамі.
15:33Бог жа міру няхай будзе з усімі вамі. Амінь.