Священное Писание

Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3  4 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел і Цімафей, рабы Іісуса Хрыста, усім святым у Хрысце Іісусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
1:2благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
1:3Дзякую Богу майму пры кожным успаміне пра вас,
1:4заўсёды, у кожнай малітве маёй за ўсіх вас, з радасцю малітву ўзносячы,
1:5за ваш удзел у дабравесці з першага дня і дагэтуль,
1:6будучы ўпэўненым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, заве́ршыць яе да дня Іісуса Хрыста;
1:7так і належыць мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы, бу́дучы і ў кайдана́х маіх, і ў абароне, і ў сцвярджэ́нні дабравесця, усіх вас — супольнікаў маіх па благадаці.
1:8Бог мне сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Іісуса Хрыста;
1:9і я малюся аб тым, каб любоў ваша яшчэ больш і больш узрастала ў спазнанні і ва ўсякім пачуцці,
1:10каб, распазнаючы́, што́ правільна, вы былі чыстымі і бездакорнымі ў дзень Хрыстоў,
1:11поўнымі пладоў праведнасці праз Іісуса Хрыста на славу і хвалу Божую.
1:12Я хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што адбылося са мною, паслужыла большаму поспеху дабравесця,
1:13так што пра кайданы́ мае́ дзеля Хрыста стала вядома ўсёй прэторыі і ўсім астатнім,
1:14і вельмі многія браты ў Госпадзе, падбадзёраныя праз кайданы́ мае́, пачалí з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
1:15Некаторыя, праўда, з зайздрасці альбо супрацьстая́ння, а некаторыя з добрым намерам прапаведуюць Хрыста:
1:16адны з – за суперніцтва прапаведуюць Хрыста, не чыста, думаючы павялічыць цяжа́р кайданоў маіх;
1:17а другія — з любові, ведаючы, што я пастаўлены дзеля абароны дабравесця.
1:18І што ж? У любым вы́падку — ці прытворна, ці шчыра — аднак Хрыста прапаве́дуюць, і я гэтаму радуюся, і потым буду радавацца,
1:19бо ведаю, што гэта паслужыць мне на спасенне дзякуючы вашай малітве і садзеянню Духа Іісуса Хрыста,
1:20паводле чака́ння і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю маёю адвагаю, як заўсёды, так і цяпер, будзе праслаўляцца Хрыстос у целе маім, ці то жыццём, ці смерцю.
1:21Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць — прыбы́так.
1:22А калі жыццё ў плоці — гэта для мяне плённая праца, то не ведаю, што выбраць.
1:23Я заціснуты з двух бакоў: хочацца адысці з жыцця і быць з Хрыстом, бо гэта намнога лепш;
1:24а заставацца ў плоці больш патрэбна, дзеля вас.
1:25І ў гэтым я перакана́ны і ведаю, што застану́ся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
1:26каб пахвала́ ваша ў Хрысце Іісусе памножылася праз мяне, пры наступным маім прыходзе да вас.
1:27Толькі жывіце дастойна дабравесця Хрыстовага, каб — ці прыйду і ўбачу вас, ці не прыйду — я пачуў пра вас, што стаіце́ вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру евангельскую,
1:28і не баіце́ся ні ў чым супраціўнікаў; гэта для іх знак пагібелі, а для вас спасення. І гэта ад Бога,
1:29бо вам дадзена дзеля Хрыста не толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго
1:30такім самым подзвігам, які вы бачылі ўва мне і як сёння чуеце пра мяне.