Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаляць ад хвароб;
9:2і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаляць хворых.
9:3І сказаў ім: нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па дзве вопраткі;
9:4і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся далей;
9:5а калі хто не прыме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых у сведчанне на іх.
9:6І, пайшоўшы, яны праходзілі па селішчах, дабравесцячы і ацаляючы ўсюды.
9:7І пачуў Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмяваў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых,
9:8а некаторыя, што Ісаія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.
9:9І сказаў Ірад: Іаану я адсек галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкнуўся ўбачыць Яго.
9:10І, вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэльнае месца каля горада, які называўся Віфсаіда.
9:11Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэбу ў ацаленні, ацаляў.
9:12Дзень жа пачаў хіліцца да вечара. І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі і знайшлі прытулак і ежу, бо мы тут у пустэльным месцы.
9:13Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пайсці нам купіць ежы для ўсіх гэтых людзей.
9:14Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх групамі па пяцьдзесят.
9:15І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
9:16Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславіў іх і пераламіў, і даваў вучням, каб разнеслі народу.
9:17І елі, і насыціліся ўсе; і сабрана было ў іх рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў.
9:18І сталася: калі Ён маліўся ў адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прымае народ?
9:19Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысціцеля, іншыя ж за Ілію, а іншыя кажуць, што нехта са старажытных прарокаў уваскрэс.
9:20Ён жа сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.
9:21Але Ён, забараняючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
9:22сказаўшы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць, і быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
9:23А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой штодня і ідзе ўслед за Мною.
9:24Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той уратуе яе.
9:25Бо якую карысць мае чалавек, здабыўшы ўвесь свет, а сябе загубіўшы ці сабе пашкодзіўшы?
9:26Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.
9:27Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.
9:28І сталася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.
9:29І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбранне Яго стала белым і зіхатлівым.
9:30І вось, два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія;
9:31явіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзейсніць у Іерусаліме.
9:32А Пятра і тых, што былі з ім, змарыў сон; прабудзіўшыся ж, яны ўбачылі славу Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім.
9:33І сталася: калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры: адзін Табе і адзін Маісею, і адзін Іліі, — не ведаючы, што кажа.
9:34Калі ж ён гаварыў гэта, узнікла воблака і ахінула іх; і яны спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
9:35І быў з воблака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлюблены; Яго слухайце.
9:36І калі быў голас гэты, апынуўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
9:37І сталася на другі дзень: калі яны сышлі з гары, сустрэла Яго мноства народу.
9:38І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскрыкнуў, гаворачы: Настаўнік! малю Цябе, узглянь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне;
9:39і вось, дух хапае яго, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што ён пену пускае; і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
9:40я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і яны не змаглі.
9:41Іісус жа сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына свайго.
9:42І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і скурчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацаліў хлопца, і аддаў яго бацьку яго.
9:43І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім:
9:44укладзіце вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя.
9:45Яны ж не разумелі слова гэтага, і было яно скрыта ад іх, так што яны не спасціглі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.
9:46І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх большы?
9:47Іісус жа, бачачы помысел сэрца іх, узяў дзіця, паставіў яго каля Сябе
9:48і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
9:49Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто імем Тваім выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не следуе за Табою з намі.
9:50І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.
9:51І сталася: калі набліжаліся дні ўзяцця Яго ў неба, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Іерусалім.
9:52І паслаў вестуноў перад абліччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў паселішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
9:53але там не прынялі Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім.
9:54Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх, як і Ілія зрабіў?
9:55Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім, кажучы: не ведаеце, якога вы духа;
9:56бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але ўратаваць. І пайшлі ў другое паселішча.
9:57І сталася: калі яны былі ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б Ты не ішоў, Госпадзі!
9:58І сказаў яму Іісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.
9:59Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахаваць бацьку майго.
9:60Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых; а ты ідзі абвяшчай Царства Божае.
9:61І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развітацца з тымі, хто ў доме маім.
9:62Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе руку сваю на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.