Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 28 | |
28:1 | Як прайшла субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. |
28:2 | І вось, зрабіўся вялікі землятрус: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; |
28:3 | выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбранне яго белае, як снег. |
28:4 | І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя. |
28:5 См.: 🔗Мк. 16:6 | Ангел жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага; |
28:6 | няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; |
28:7 | ды ідзіце хутка, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і сустракае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам. |
28:8 | І пайшоўшы спешна ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі ўзвясціць вучням Яго; |
28:9 См.: 🔗Мк. 16:9 🔗Iн. 20:14 | калі ж ішлі яны ўзвясціць вучням Ягоным, і вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Яго і пакланяліся Яму. |
28:10 См.: 🔗Iн. 20:17 🔗Яўр. 2:11 | Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, узвясціце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне. |
28:11 | А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам усё, што адбылося. |
28:12 | І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам, |
28:13 | кажучы: скажыце, што вучні Яго, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі; |
28:14 | і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесніка, мы пераканаем яго і вас ад непрыемнасці выбавім. |
28:15 | Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэгае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня. |
28:16 | Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Іісус; |
28:17 | і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся. |
28:18 | І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: |
28:19 | дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, |
28:20 | вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь. |