Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 11

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 11
11:1І сталася: калі Ён маліўся ў адным месцы, і як перастаў, нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў вучняў сваіх.
11:2Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Ойча наш, Які ў нябёсах! няхай свяціцца імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
11:3хлеб наш надзённы давай нам кожны дзень;
11:4і даруй нам грахі нашы, бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
11:5І сказаў ім: хтосьці з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа! пазыч мне тры хлябы,
11:6бо сябар мой прыйшоў да мяне з дарогі, і не маю чаго даць яму;
11:7а той знутры скажа ў адказ: не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае пры мне ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе.
11:8Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць дзеля таго, што ён сябар яго, то з – за неадступнасці яго ўстане і дасць яму, колькі трэба.
11:9І Я вам кажу: прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
11:10бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і, хто стукаецца, таму адчыняюць.
11:11Хіба каторы бацька з вас, калі сын папросіць у яго хлеба, падасць яму камень? або папросіць рыбы, хіба замест рыбіны падасць яму змяю?
11:12або, калі папросіць яйка, хіба падасць яму скарпіёна?
11:13Дык вось, калі вы, будучы ліхімі, умееце дары добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго.
11:14І выганяў Ён дэмана, які быў нямы; і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў, і здзівіліся людзі.
11:15Некаторыя ж з іх казалі: сілаю вельзевула, князя дэманскага, Ён выганяе дэманаў.
11:16А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знамення з неба.
11:17Ён жа, ведаючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, самое ў сабе раздзеленае, спусташаецца, і дом на дом падае;
11:18калі ж і сатана сам у сабе раздзеліцца, то як устаіць царства яго? а вы кажаце, што Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў;
11:19і калі Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў, то сыны вашы чыёю сілаю выганяюць? Таму яны вам будуць суддзямі.
11:20Калі ж Я пярстом Божым выганяю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
11:21Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор, то ў бяспецы маёмасць яго;
11:22калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, то забярэ ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і здабытае ў яго раздасць.
11:23Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
11:24Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і, не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў;
11:25і, прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
11:26тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.
11:27І сталася: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: блажэннае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў.
11:28А Ён сказаў: тым больш блажэнныя тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
11:29Калі ж стала збірацца ўсё больш народу, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі, ён шукае знамення, ды знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока;
11:30бо як Іона быў знаменнем для Ніневіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
11:31Царыца Поўдня ўстане на судзе з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
11:32Мужы Ніневійскія ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай, і вось, тут большае за Іону.
11:33Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай, а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
11:34Свяцільня целу ёсць вока; калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае; калі ж ліхое, то і цела тваё цёмнае;
11:35дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было цемрай.
11:36Калі ж усё цела тваё светлае, і не мае ніводнай цёмнай часткі, то будзе яно светлае ўсё так, як бы свяцільнік ззяннем асвятляў цябе.
11:37Калі Ён сказаў гэта, прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабедаў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
11:38Фарысей жа, убачыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.
11:39А Гасподзь сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, звонку чашу і блюда ачышчаеце, а нутро ваша поўнае драпежнасці і злобы.
11:40Неразумныя! ці ж не Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
11:41Аднак падавайце міласціну з таго, што ўнутры; тады ўсё для вас чыстае будзе.
11:42Але гора вам, фарысеям, што даяце дзесяціну з мяты і руты, і ўсялякай агародніны, ды не дбаеце пра суд і любоў Божую; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
11:43Гора вам, фарысеям, што любіце наперадзе сядзець у сінагогах і каб віталі вас на плошчах.
11:44Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што вы — як магілы непрыкметныя, і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.
11:45У адказ нехта з законнікаў кажа Яму: Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажаеш.
11:46А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора, што абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі ніводным пальцам сваім не дакранаецеся да цяжараў тых.
11:47Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам, а бацькі вашы забілі іх;
11:48значыць, вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з імі: бо яны забілі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
11:49Таму і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і некаторых з іх заб’юць, а некаторых будуць гнаць,
11:50каб была спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету,
11:51ад крыві Авеля да крыві Захарыі, які загінуў паміж ахвярнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагнаная з роду гэтага.
11:52Гора вам, законнікам, што вы ўзялі ключ пазнання: самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі.
11:53Калі ж Ён гаварыў ім гэта, кніжнікі і фарысеі пачалі жорстка нападаць на Яго і дапытвацца ў Яго пра многае,
11:54падсцерагаючы Яго і стараючыся падлавіць на нечым з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.