Священное Писание

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,
9:2бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.
9:3Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,  
9:4і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу “вы”, — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.  
9:5Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо авяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.
9:6Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
9:7Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.
9:8А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу, 
9:9як напісана: “шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку”.
9:10А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,
9:11каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.
9:12Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;
9:13у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,
9:14і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.
9:15Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.