Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1Дык вось, і першы запавет меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцілішча зямное,
9:2бо ўладкава́на была́ скінія першая, у якой былí свяцíльнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца “Святое”.
9:3А за другою заве́саю была́ скінія, называ́ная “Святое Святых”,
9:4якая ме́ла залатую кадзíльніцу і пакрыты з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, у якім знаходзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,
9:5а над ім херувімы славы, якія ахіна́лі месца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна.
9:6Пры тым, што гэта так было ўладкава́на, у першую скінію заўсёды ўваходзяць свяшчэннікі, выконваючы служэнне;
9:7а ў другую —раз у год адзін толькі першасвяшчэннік, не без крывí, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахі наро́да, учыненыя з – за няве́дання.
9:8Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў свяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
9:9Яна — вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць у сумленні дасканалым таго, хто слу́жыць;
9:10яны з патрабаваннямі адносна ежы і пітва, з рознымі абмываннямі і абрадамі, якія датычацца плоці, устаноўлены былі толькі да часу выпраўлення.
9:11Але Хрыстос, Першасвяшчэннік бу́дучых дабро́т, прыйшоўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скінію, нерукатво́рную, гэта значыць, не звычайнага пахо́джання,
9:12і не з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды ўвайшоў у свяцілішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.
9:13Бо, калі кроў быкоў і казлоў і по́пел цялушкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,
9:14то тым больш Кроў Хрыста, Які Духам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і íсціннаму.
9:15І таму Ён — пасрэднік новага запавету, каб у выніку смерці Яго, якая была дзеля адкуплення за правіны, учыненыя ў першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.
9:16Бо, дзе завяшчанне[1], там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка,
9:17бо завяшчанне дзейнічае пасля смерці; яно не мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
9:18Таму і першы запавет уведзены быў не без крыві.
9:19Бо калі Маісей абвясціў усе запаведзі, прадпíсаныя законам, перад усім народам, то ўзяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнаю чырвонаю і ісопам і акрапіў саму кнігу і ўвесь народ,
9:20кажучы: “гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог”.
9:21Таксама і скінію, і ўсе сасуды богаслужэбныя акрапіў крывёю.
9:22Ды амаль усё паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння.
9:23Таму і трэба было, каб вобразы нябеснага ачышчаліся гэтак, а само нябеснае — ахвярамі, лепшымі за гэтыя.
9:24Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, якое з’яўляецца вобразам ісціннага, а ў самое неба, каб стаць сёння перад абліччам Божым дзеля нас,
9:25і не для таго, каб шмат разоў прыносіць Сябе ў ахвяру, як першасвяшчэннік, які  ўваходзіць у свяцілішча штогод з чужою крывёю;
9:26інакш належала б Яму шмат разоў пакуты прымаць ад пачатку свету. А цяпер, пры канцы вякоў, Ён раз назаўжды з’явіўся для знішчэння граху ахвяраю Сваёю.
9:27І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
9:28так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб узяць грахі многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэння ад граху, а дзеля спасення тых, што чакаюць Яго.