Священное Писание

Да Цімафея 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Ведай жа тое, што ў апошнія дні настануць часы ця́жкія.
3:2Бо людзі будуць самалюбівыя, срэбралюбівыя, ганары́стыя, фанабэрыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя,
3:3бязлітасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жорсткія, ненавіснікі дабра,
3:4здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, больш сласталюбíвыя, чым богалюбíвыя,
3:5якія зне́шне паказваюць набожнасць, але ад сілы яе адракліся. Такіх пазбяга́й.
3:6Да іх нале́жаць тыя, што пранікаюць у дамы́ і зводзяць жанчын, якія патана́юць ў грахах і апанава́ны рознымі пажа́днасцямі,
3:7якія заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.
3:8Як Іанíй і Іамвры́й працівіліся Маісею, так працівяцца ісціне і яны, людзі з сапсаваным розумам, недасведчаныя ў веры.
3:9Але яны не многага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх стане відавочнай, як і з тымі сталася.
3:10А ты стаў маім паслядоўнікам у вучэнні, жыцці, мэтах, веры, доўгацярпенні, любові, стойкасці,
3:11у ганеннях, пакутах, якія вы́палі мне ў Антыяхíі, Іканíі, Лíстрах; такія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Гасподзь.
3:12Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні;
3:13а ліхія людзі і ашуканцы будуць станавіцца яшчэ горшымі, уводзячы ў падман і бу́дучы падма́нутымі.
3:14Ты ж трымайся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;
3:15і яшчэ з маленства ты ведаеш свяшчэнныя пісанні, якія могуць умудры́ць цябе на спасенне праз веру ў Хрыста Іісуса.
3:16Усё Пісанне — боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці,
3:17каб быў дасканалым Божы чалавек, да ўсякай добрай справы падрыхтава́ным.