Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 8

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 8
8:1Іісус жа пайшоў на гару Елеонскую;
8:2а раніцаю зноў прыйшоў у храм, і ўсе людзі ішлі да Яго; і Ён сеў і вучыў іх.
8:3І прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую засталі за пралюбадзействам, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
8:4кажуць Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну засталі падчас пралюбадзейства;
8:5у законе Маісей загадаў нам такіх пабіваць камянямі, а Ты што скажаш?
8:6Гаварылі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб было ў чым абвінаваціць Яго. Але Іісус, нізка нагнуўшыся, пальцам пісаў на зямлі, не зважаючы на іх.
8:7Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, разагнуўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху, няхай першы кіне камень у яе.
8:8I зноў, нізка нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
8:9Яны ж, пачуўшы гэта і адчуваючы дакоры сумлення, сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы ад старэйшых і да апошніх; і застаўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
8:10Іісус, разагнуўшыся і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: жанчына! Дзе абвінаваўцы твае? Ніхто цябе не асудзіў?
8:11Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
8:12І зноў прамовіў да іх Іісус, кажучы: Я святло свету; хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця.
8:13Тады сказалі Яму фарысеі: Ты Сам пра Сябе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае.
8:14На гэта Іісус сказаў ім: калі Я і Сам сведчу пра Сябе, то сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
8:15Вы па плоці судзіце; Я не суджу нікога;
8:16а калі і суджу Я, то суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, а Я і Айцец, Які паслаў Мяне;
8:17і ў законе ж вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае;
8:18Я Сам сведчу пра Сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
8:19Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Іісус: вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б і Айца Майго.
8:20Гэтыя словы гаварыў Іісус каля скарбніцы, вучачы ў храме; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
8:21І зноў сказаў ім Іісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў граху сваім; куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
8:22Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: «куды Я іду, вы не можаце прыйсці»?
8:23Ён сказаў ім: вы ад нізу, а Я з вышыні; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету;
8:24таму і сказаў Я вам, што памраце ў грахах сваіх; бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў грахах сваіх.
8:25Тады сказалі Яму: хто Ты? І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пачатку, як і кажу вам;
8:26многа маю Я пра вас гаварыць і судзіць; але Той, Хто паслаў Мяне, ісцінны, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.
8:27Не зразумелі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.
8:28І сказаў ім Іісус: калі ўздымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару;
8:29і Той, Хто паслаў Мяне, са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю ўгоднае Яму.
8:30Калі Ён гаварыў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
8:31Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўверавалі ў Яго: калі застаняцеся ў слове Маім, то вы сапраўды вучні Мае,
8:32і спазнаеце ісціну, і ісціна вызваліць вас.
8:33Яны адказалі Яму: мы семя Аўраамава і нікому не былі рабамі ніколі; як жа Ты кажаш: «станеце вольнымі»?
8:34Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто грашыць, ёсць раб граху;
8:35але раб не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна;
8:36дык вось, калі Сын вызваліць вас, то сапраўды вольнымі будзеце;
8:37ведаю, што вы семя Аўраамава; аднак вы шукаеце, як забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
8:38Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
8:39Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраам. Кажа ім Іісус: калі б вы былі дзецьмі Аўраама, то рабілі б учынкі Аўраамавы;
8:40а цяпер шукаеце, як забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў;
8:41вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; адзін Айцец у нас — Бог.
8:42Сказаў жа ім Іісус: калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў; бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;
8:43чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо не можаце чуць слова Майго;
8:44вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выконваць жаданні айца вашага; ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не ўстаяў у ісціне, таму што няма ісціны ў ім; калі ён ілжэ, то сваё гаворыць,
8:45а паколькі Я ісціну гавару, то не верыце Мне;
8:46хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?
8:47хто ад Бога, той словы Божыя слухае; вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
8:48Адказалі на гэта Іудзеі і сказалі Яму: хіба ня правільна мы кажам, што Ты Самаранін і дэман у Табе?
8:49Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма, але Я шаную Айца Майго, а вы зневажаеце Мяне;
8:50Я ж не шукаю славы Сваёй; ёсць Той, Хто шукае і судзіць;
8:51Праўду, праўду кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці давеку.
8:52Тады сказалі Яму Іудзеі: цяпер даведаліся мы, што ў Табе дэман: Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: «хто захавае слова Маё, той не спазнае смерці давеку»;
8:53няўжо Ты большы за айца нашага Аўраама, які памёр? і прарокі памерлі; каго Ты з Сябе робіш?
8:54Адказаў Іісус: калі Я праслаўляю Сам Сябе, то слава Мая нішто; ёсць Айцец Мой, Які праслаўляе Мяне, Той, пра Каго вы гаворыце, што Ён Бог ваш;
8:55і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго; і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падобны да вас ілгун; але Я знаю Яго і захоўваю слова Яго;
8:56Аўраам, айцец ваш, рады быў, што ўбачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.
8:57На гэта сказалі Яму Іудзеі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
8:58Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: перш чым быў Аўраам, Я ёсць.
8:59Тады ўзялі яны камяні, каб кінуць у Яго, але Іісус знік і выйшаў з храма, прайшоўшы між імі; і пайшоў так.