Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 20

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 20
20:1І сталася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабравесціў, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
20:2і сказалі Яму, гаворачы: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўладу гэтую?
20:3І, адказваючы, Ён сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і скажыце Мне:
20:4хрышчэнне Іаанава з неба было ці ад людзей?
20:5Яны ж разважалі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: «з неба», то скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
20:6а калі ж скажам: «ад людзей», то ўвесь народ каменнем паб’е нас, бо ён перакананы, што Іаан — гэта прарок.
20:7І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
20:8Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
20:9І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзіў вінаград і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;
20:10і ў пэўную пару паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў з вінаградніка; але вінаградары, набіўшы яго, адаслалі ні з чым.
20:11І паслаў яшчэ другога раба; але яны і таго, набіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
20:12І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, параніўшы, прагналі.
20:13Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго ўзлюбленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаромеюцца.
20:14Але, убачыўшы яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: гэта спадкаемец; хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе наша.
20:15І, вывеўшы яго вон з вінаградніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка?
20:16Прыйдзе і знішчыць вінаградараў гэтых, і аддасць вінаграднік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
20:17Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла»?
20:18Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
20:19І намерыліся першасвятары і кніжнікі накласці на Яго рукі ў тую ж гадзіну, але пабаяліся народа, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20:20І, пасачыўшы за Ім, падаслалі выведнікаў, якія, прыняўшы выгляд праведных, злавілі б Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
20:21І яны спыталі ў Яго, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзіш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
20:22ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
20:23Ён жа, зразумеўшы хітрасць іх, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
20:24пакажыце Мне дынарый: чыю выяву і надпіс ён мае? Яны сказалі ў адказ: кесара.
20:25Ён сказаў ім: вось і аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
20:26І не змаглі яны злавіць Яго на слове перад народам, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
20:27Тады падышлі да Яго некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталі Яго,
20:28кажучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзетным, то няхай брат яго возьме жонку і адродзіць семя брату свайму»;
20:29было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны;
20:30і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзетны;
20:31і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і памерлі,
20:32пасля ж усіх памерла і жонка;
20:33дык вось, пры ўваскрасенні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
20:34І сказаў ім Іісус у адказ: сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж,
20:35а спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасення з мёртвых не жэняцца і замуж не выходзяць;
20:36і памерці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Божыя яны, будучы сынамі ўваскрасення.
20:37А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Маісей паказаў у аповедзе пра купіну, называючы Госпада Богам Аўраама і Богам Ісаака, і Богам Іакава.
20:38Ён жа Бог не мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
20:39У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
20:40І ўжо больш не асмельваліся пытацца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:
20:41як гэта гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў?
20:42А сам Давід гаворыць у кнізе псалмоў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
20:43пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
20:44Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?
20:45І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
20:46сцеражыцеся кніжнікаў, якім падабаецца хадзіць у доўгіх уборах і якія любяць вітанні на плошчах і наперадзе сядзець у сінагогах, і ўзляжаць наперадзе на гасцінах,
20:47і якія праядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны прымуць большае асуджэнне.