Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 14

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 14
14:1Сла́бага ў веры прымайце без спрэчак пра яго меркаванні.
14:2Бо адзін верыць, што можна есці ўсё, а другі, сла́бы, есць гародніну.
14:3Хто есць, няхай не прыніжа́е таго, хто не есць; і хто не есць, няхай не асуджа́е таго, хто есць; таму што Бог прыня́ў яго.
14:4Хто ты такі, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім Госпадам ён стаіць альбо па́дае; і будзе стаяць, бо ма́е Бог сілу падняць яго.
14:5Адзін адрознівае дзень ад дня, а другі ставіцца аднолькава да ўсякага дня. Няхай кожны трымаецца свайго меркавання.
14:6Хто вылуча́е дні — дзеля Госпада вылуча́е; і хто не вылуча́е дзён — дзеля Госпада не вылуча́е. Хто есць — дзеля Госпада есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць — дзеля Госпада не есць і дзякуе Богу.
14:7Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе,
14:8а калі жывём — дзеля Госпада жывём, калі паміраем — дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём мы, ці паміраем — мы Гасподнія.
14:9Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрэс, і ажыў, каб быць Госпадам і для мёртвых, і для жывых.
14:10А ты чаму асуджаеш брата свайго? Альбо і ты, чаму прыніжаеш брата свайго? Усе ж мы будзем стаяць на судзе Хрыстовым.
14:11Бо напісана: “жыву Я, — кажа Гасподзь, — перада Мною схíліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнава́ць Бога”.
14:12Дык вось, кожны з нас за сябе дасць адказ перад Богам.
14:13Давайце ж не будзем больш судзíць адзін аднаго, а лепей судзíце пра тое, як не даць брату спатыкну́цца альбо спакусíцца.
14:14Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Іісусе, што няма нічога ў сабе самім нячыстага; толькі калі хто лíчыць нешта нячыстым, то для яго гэта нячыстае.
14:15Калі ж з – за ежы засмучаецца брат твой, то ты ўжо не па любові жывеш; не губі сваёю ежаю таго, за каго Хрыстос памёр.
14:16Няхай не будзе знява́жана ваша дабро.
14:17Бо Царства Божае — не ежа і пітво, а праведнасць, і мір, і радасць у Духу Святым.
14:18Хто гэтым слу́жыць Хрысту, той угодны Богу і паважа́ны людзьмі.
14:19Дык будзем імкнуцца да таго, што слу́жыць міру і ўзае́мнаму ўмацава́нню.
14:20З – за ежы не разбура́й справы Божай: бо ўсё — чыстае, але кепска робіць чалавек, які есць на спакусу.
14:21Лепш не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, з – за чаго брат твой спатыка́ецца, ці спакуша́ецца, ці знемага́е.
14:22Ты маеш веру́ дык май яе сам у сабе, перад Богам. Блажэнны, хто не асуджа́е сябе за рашэнне, якое прымае.
14:23Калі ж хто есць сумняваючыся, дык ён асу́джаны, бо не па веры; а ўсё, што не па веры, — грэх.
14:24А Таму, Хто можа вас умацаваць, паводле дабраве́сця майго і пропаведзі Іісуса Хрыста, паводле адкрыцця́ тайны, з адвечных часоў пакрытай маўчаннем,
14:25але цяпер я́ўленай і праз пісанні прарокаў, па загаду вечнага Бога, абве́шчанай усім народам для паслушэнства іх у веры,
14:26адзінаму прамудраму Богу, праз Іісуса Хрыста, слава навекі. Амінь.