Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1І сабраліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
7:2і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамытымі, рукамі, дакаралі.
7:3Бо фарысеі і ўсе іудзеі не ядуць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся падання старцаў;
7:4і пасля рынку, пакуль не амыюцца, не ядуць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі трымацца: абмывання чашаў, і кубкаў, і катлоў, і лаваў.
7:5Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з паданнем старцаў, а непамытымі рукамі ядуць хлеб?
7:6А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «людзі гэтыя вуснамі шануюць Мяне, а сэрца іх далёка ад Мяне;
7:7але марна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўленням чалавечым».
7:8Бо, пакінуўшы запаведзь Божую, трымаецеся вы падання чалавечага, абмывання кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
7:9І казаў ім: хораша вы абыходзіце запаведзь Божую, каб сваё паданне захаваць!
7:10Бо Маісей сказаў: «шануй бацьку твайго і маці тваю», і хто зласловіць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
7:11А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: «тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся, гэта карван (што значыць дар Богу)»,
7:12тады ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
7:13парушаючы слова Божае паданнем вашым, якое вы перадаяце; і многае падобнае да таго робіце.
7:14І, паклікаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразумейце.
7:15Няма нічога, што, уваходзячы ў чалавека звонку, магло б апаганіць яго; але што выходзіць з яго, тое апаганьвае чалавека.
7:16Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
7:17І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
7:18І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Няўжо не разумееце, што ўсё тое, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа апаганіць яго?
7:19Бо не ў сэрца яго ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
7:20І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
7:21Бо знутры, з сэрца чалавечага помыслы ліхія выходзяць, пралюбадзействы, блуд, забойствы,
7:22крадзяжы, ліхвярства, злоба, каварства, распуснасць, вока зайздроснае, хуленне, ганарлівасць, шаленства;
7:23усё гэтае зло знутры выходзіць і апаганьвае чалавека.
7:24І, рушыўшы адтуль, пайшоў у землі Тырскія і Сідонскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаіцца.
7:25Бо пачула пра Яго жанчына, дачка якой мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Яго;
7:26а жанчына тая была язычніца, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
7:27Але Іісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачанятам.
7:28Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
7:29І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкі тваёй.
7:30І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасцелі.
7:31І зноў, выйшаўшы з межаў Тырскіх і Сідонскіх, прыйшоў Іісус да мора Галілейскага ў землі Дзесяцігароддзя.
7:32І прыводзяць да Яго глухога коснаязыкага і просяць, каб Ён усклаў руку на яго.
7:33І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажыў пальцы Свае ў вушы яго і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго;
7:34і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «эффафа», што значыць «адкрыйся».
7:35І адразу адкрыліся вушы яго і развязаліся путы яго языка, і пачаў гаварыць выразна.
7:36І загадаў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён загадваў ім, тым больш абвяшчалі.
7:37І надзвычай здзіўляліся, кажучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямым гаварыць.