Священное Писание

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 4

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 4
4:1Дык вось, я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць дастойна паклíкання, да якога вы заклíканы,
4:2з усёй пакорнаму́драсцю і лаго́днасцю, з доўгацярплíвасцю, падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю,
4:3стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру.
4:4Адно цела і адзін дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага паклікання;
4:5адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне,
4:6адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
4:7А кожнаму з нас да́дзена благадаць ў меру дару Хрыстовага.
4:8Таму сказана: «узышоўшы на вышыню, Ён паланіў палон і даў дары людзям».
4:9А «узышоў» — што́ азначае, як не тое, што Ён і сышоў спачатку у прадонныя месцы зямлí
4:10Той, Хто сышоў, Ён жа і ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.
4:11І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравеснікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
4:12для ўдаскана́лення святых, дзеля справы служэння, дзеля будавання Цела Хрыстовага,
4:13пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнання Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру ўзросту паўнаты́ Хрыстовай;
4:14каб мы больш не былі дзе́цьмі, якіх хістае і носіць усякі вецер вучэння праз падман людскі, праз хітрасць, уводзячы ў аблуду,
4:15а каб, жывучы ў ісціне і любові, усе ўзрасталі ў Таго, Хто з’яўляецца галавою, — у Хрыста,
4:16з Якога ўсё цела, склада́ючыся і злуча́ючыся усялякімі ўзмацня́льнымі сувязямі, пры дзеянні ў сваю меру кожнай асобнай часткі, расце для будавання самога сябе ў любові.
4:17Таму я гэта кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы больш не рабілі, як робяць астатнія народы ў ма́рнасці розуму свайго,
4:18маючы азмро́чанае разуме́нне, адчу́жаныя ад жыцця Божага з – за свайго няве́дання, з – за акамяне́ласці сэрца свайго;
4:19яны, дайшоўшы да бясчуласці, аддалі сябе саміх распусце, каб ненасытна рабіць усякую брыдоту.
4:20А вы не так спазналі Хрыста,
4:21паколькі вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся — таму што ісціна ў Іісусе —
4:22скінуць з сябе старога, паводле ранейшага ладу жыцця, чалавека, які згнівае ў падманных пажа́днасцях,
4:23а абнавіцца духам розуму вашага
4:24і апрану́цца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці ісціны.
4:25Таму, адкінуўшы хлусню, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы адзін аднаму члены.
4:26Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым;
4:27і не давайце месца дыявалу.
4:28Хто краў, больш няхай не кра́дзе, а лепш няхай працуе, ствараючы сваімі рукамі дабро, каб меў з чаго даць таму, хто ў нястачы.
4:29Ніякае гнілое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае для настаўле́ння ў веры, каб яно прыносіла благадаць тым, хто слухае.
4:30І не засмучайце Святога Духа Божага, пячаццю Якога вы былі пазначаны для дня выкуплення.
4:31Усякае раздражне́нне, і ярасць, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць вы́нішчаны сярод вас, разам з усякаю злобаю;
4:32але будзьце адзін да аднаго добрымі, спага́длівымі, прабачайце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце прабачыў вам.