Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1Не судзіце, каб і вас не судзілі;
7:2бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
7:3І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не заўважаеш?
7:4Альбо, як скажаш брату свайму: « Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку бервяно?
7:5Крывадушнік! вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
7:6Не давайце святога сабакам і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
7:7Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
7:8бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і, хто стукаецца, таму адчыняць.
7:9Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
7:10і калі рыбы папросіць, змяю падаў бы яму?
7:11Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах, дасць даброты тым, хто просіць у Яго.
7:12І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
7:13Уваходзьце вузкімі варотамі; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
7:14бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.
7:15Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
7:16па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград, альбо з дзядоўніку смоквы?
7:17Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія:
7:18не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады, ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя.
7:19Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь.
7:20Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
7:21Не кожны, хто кажа Мне: «Госпадзі! Госпадзі!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах.
7:22Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?»
7:23І тады абвяшчу ім: « Я ніколі не знаў вас; адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне».
7:24Дык вось, кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, параўнаю з мужам разумным, які збудаваў свой дом на камені;
7:25і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закладзены быў на камені.
7:26А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, падобны будзе да мужа неразважлівага, які збудаваў свой дом на пяску;
7:27і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае.
7:28І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы, вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго,
7:29бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.