Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
9:2І вось, прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Іісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі твае.
9:3І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.
9:4А Іісус, зразумеўшы помыслы іх, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
9:5бо што лягчэй – сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
9:6Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
9:7І той устаў, узяў пасцель сваю, і пайшоў у дом свой.
9:8А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
9:9Праходзячы адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.
9:10І сталася, калі Іісус узляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзлеглі з Ім і вучнямі Ягонымі.
9:11І ўбачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: навошта Настаўнік ваш есць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?
9:12А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
9:13ідзіце, навучыцеся, што азначае: «міласці хачу, а не ахвяры»?, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
9:14Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі посцім многа, а Твае вучні не посцяць?
9:15І сказаў ім Іісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў вясельных, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх жаніх, і тады будуць пасціць.
9:16І ніхто не прыстаўляе латкі з нябеленага палатна да старон адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэ ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
9:17Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі прападаюць; а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зберагаецца тое і другое.
9:18Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая зараз памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
9:19І ўстаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
9:20І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго,
9:21бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, выздаравею.
9:22А Іісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
9:23А як прыйшоў Іісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і збянтэжаны люд,
9:24сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а спіць. І насміхаліся з Яго.
9:25Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
9:26І разнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
9:27І калі ішоў адтуль Іісус, ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!
9:28І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так Госпадзе!
9:29Тады Ён крануўся вачэй іх і сказаў: па веры вашай хан будзе вам.
9:30І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даведаўся.
9:31А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
9:32Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
9:33І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі не было такога явішча ў Ізраілі.
9:34А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
9:35І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сінагогах іх, прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
9:36Бачачы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
9:37Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
9:38дык маліце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.