Священное Писание

Да Філімона Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел, вязень Хрыста Іісуса, і Цімафей брат, — Філімону ўзлю́бленаму, супрацоўніку нашаму,
1:2і Апфіі, сястры ўзлю́бленай, і Архіпу, спадзвíжніку нашаму, і дамашняй тваёй царкве:
1:3благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
1:4Дзякую Богу майму, заўсёды паміна́ючы цябе ў малітвах маіх,
1:5чуючы пра тваю любоў і веру, якую ты маеш да Госпада Іісуса і да ўсіх святых,
1:6каб вера твая, супольная з нашай, была дзейснай у спазнанні ўсякага дабра, якое ў вас дзеля Хрыста Іісуса.
1:7Бо мы маем радасць вялікую і суцяшэнне ў любові тваёй, таму што табою, браце, супако́ены сэрцы святых.
1:8Таму, ма́ючы вялікую ў Хрысце адвагу зага́дваць табе нале́жнае,
1:9больш па любові прашу я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Іісуса Хрыста;
1:10прашу цябе за сына майго Анісіма, якога спарадзіў я ў кайданах маіх:
1:11ён быў калісьці бескарысным для цябе, а цяпер — вельмі карысны табе і мне; я адсылаю яго да цябе;
1:12ты ж прымі яго, як маё сэрца.
1:13Я хацеў утрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне, які ў кайданах за дабравесце;
1:14але я нічога не хацеў рабіць без тваёй згоды, каб добрая справа твая была не вы́мушанай, а дабравольнай.
1:15Бо, магчыма, ён дзеля таго адлучы́ўся на кароткі час, каб ты прыняў яго назаўсёды,
1:16ужо не як раба, а вышэй за раба, як брата ўзлюбленага, асабліва для мяне, а тым болей для цябе — і па плоці, і ў Госпадзе.
1:17Дык вось, калі маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне.
1:18Калі ж ён нанёс табе нейкую шкоду альбо доўг ма́е, то лічы́ гэта на мне.
1:19Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я заплачу́; каб не казаць табе, што ты і самога сябе мне вінен.
1:20Так, браце, дазволь мне мець карысць ад цябе ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
1:21Упэўнены ў паслухмянасці тваёй, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым я кажу.
1:22А разам з тым падрыхтуй мне і гасцявы́ пакой; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дарава́ны вам.
1:23Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Іісуса,
1:24а таксама Марк, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацоўнікі мае́.
1:25Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым. Амінь.