Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,
1:2у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.
1:3Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,
1:4настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
1:5Бо каму з ангелаў калі – небудзь сказаў Бог: “Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе”? І яшчэ: “Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам”?
1:6Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: “і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя”.
1:7Пра ангелаў сказана: “Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае”.
1:8А пра Сына: “прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.
1:9Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх”;
1:10і: “у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;
1:11яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,
1:12і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца”.
1:13Каму з ангелаў сказаў калі – небудзь Бог: “сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”?
1:14Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?