Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 19

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 19
19:1І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
19:2І вось чалавек, званы імем Закхей, які быў начальнік мытнікаў і быў багаты,
19:3імкнуўся ўбачыць Іісуса, хто Ён, але не мог з – за натоўпу, таму што быў малы ростам;
19:4і, забегшы наперад, узлез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
19:5І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзеўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім належыць Мне быць.
19:6І той паспешна злез і прыняў Яго з радасцю.
19:7І ўсе, убачыўшы гэта, наракалі, кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
19:8Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убогім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.
19:9Сказаў яму Іісус: сёння настала збаўленне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў.
19:10Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і збавіць тое, што загінула.
19:11Калі ж яны слухалі гэта, Ён дадаў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае мае явіцца.
19:12Дык сказаў Ён: Нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
19:13і, паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін і сказаў ім: укладзіце ў справу, пакуль я вярнуся.
19:14Але яго грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі ўслед за ім пасольства, кажучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.
19:15І сталася: калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то сказаў паклікаць тых рабоў, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што набыў.
19:16І прыйшоў першы, кажучы: гаспадар, міна твая прынесла дзесяць мін.
19:17І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найменшым ты быў верны, будзь уладаром над дзесяццю гарадамі.
19:18І прыйшоў другі, кажучы: гаспадар, міна твая прынесла пяць мін.
19:19Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю гарадамі.
19:20І яшчэ адзін прыйшоў, кажучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схаваную ў хустцы,
19:21таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў.
19:22А той кажа яму: вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;
19:23чаму ж ты не аддаў маё срэбра ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
19:24І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін.
19:25І сказалі яму: гаспадар, ён жа мае дзесяць мін.
19:26Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае ён;
19:27а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзіце сюды і пазабівайце перада мною.
19:28І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Іерусалім.
19:29І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, што завецца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх,
19:30сказаўшы: ідзіце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніколі ніхто з людзей не сядаў; адвяжыце яго і прывядзіце;
19:31і калі хто спытае ў вас: «навошта адвязваеце?», скажыце яму так: «яно патрэбна Госпаду».
19:32Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
19:33Калі ж яны адвязвалі асляня, гаспадары яго сказалі ім: нашто вы адвязваеце асляня?
19:34Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
19:35І прывялі яго да Іісуса, і, накінуўшы вопратку сваю на асляня, пасадзілі на яго Іісуса.
19:36І калі Ён ехаў, людзі пасцілалі вопратку сваю на дарогу.
19:37А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны,
19:38кажучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вышніх!
19:39І некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Сваім.
19:40А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змоўкнуць, то камяні закрычаць.
19:41І, калі Ён наблізіўся, то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
19:42кажучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што трэба для міру твайго! але цяпер гэта скрыта ад вачэй тваіх;
19:43бо прыйдуць на цябе дні, і ўзвядуць ворагі твае вакол цябе вал, і акружаць цябе, і сціснуць цябе адусюль,
19:44і знішчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені ў табе за тое, што не разумеў ты часу наведання цябе.
19:45І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім і куплялі,
19:46кажучы ім: напісана: «дом Мой — гэта дом малітвы», а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
19:47І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары і кніжнікі шукалі, як загубіць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе,
19:48і не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ, слухаючы, абступаў Яго.