Священное Писание

Саборнае Пасланне святога апостала Іакава, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Браты мае́! не многія станавíцеся вучы́целямі, ве́даючы, што мы атрыма́ем бо́льшае асуджэ́нне,
3:2бо ўсе мы многа грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той даскана́лы чалавек, здольны ўтаймава́ць і ўсё цела.
3:3Вось, мы ўклада́ем цу́глі ко́ням у рот, каб яны падпарадко́ўваліся нам, і ўсім це́лам іх кіру́ем;
3:4вось, і караблі, хоць яны такія вялікія і такімі моцнымі вятра́мі гна́ныя, а невялікім рулём накіро́ўваюцца, куды рулявы́ хоча;
3:5так і язык – мала́я частка це́ла, а на вялікае адва́жваецца; вось, невялікі агонь, а які вялікі лес падпа́львае;
3:6і язык – агонь, свет няпра́веднасці. Язык, знахо́дзячыся паміж часткамі це́ла нашага, апага́ньвае ўсё цела і запа́львае кругаваро́т жыцця́, бу́дучы сам запа́леным ад гее́ны;
3:7і ўсякая прырода звяроў і птушак, паўзуно́ў і марскіх жывёлін утаймо́ўваецца і ўтаймава́на прыро́дай чалаве́чай,
3:8язык жа ніхто з людзей утаймава́ць не можа: гэта нястры́мнае зло, поўнае атру́ты смертано́снай.
3:9Ім благаслаўля́ем Бога і Айца, і ім пракліна́ем людзе́й, ство́раных па падабе́нству Божаму:
3:10з тых са́мых ву́снаў выхо́дзіць благаславе́нне і пракля́цце. Не павінна, браты́ мае́, каб так было́.
3:11Ці дае́ крыніца з аднаго жарала́ ваду салодкую і горкую?
3:12Хіба́ можа, браты мае́, смако́ўніца радзíць маслíны альбо вінагра́дная лаза́ – смоквы? Так і адна крыніца не можа даваць салёную і салодкую ваду́.
3:13Хто мудры і разу́мны сярод вас? – няхай пака́жа до́брымі паво́дзінамі спра́вы свае ў лаго́днай му́драсці.
3:14А калі за́йздрасць горкую і зва́длівасць ма́еце вы ў сэ́рцы сваім, то не хвалíцеся і не хлусíце су́праць ісціны:
3:15гэта не тая мудрасць, што сыхо́дзіць звыш, а зямна́я, душэ́ўная, дэ́манская;
3:16бо дзе за́йздрасць і зва́длівасць, там разла́д і ўсяля́кае лíха.
3:17А тая му́драсць, што сыходзіць звыш, найпе́рш чы́стая, заты́м мірная, лаго́дная, пако́рная, поўная мíласці і добрых пладо́ў, непрадузя́тая і некрываду́шная.
3:18Плод жа пра́веднасці се́ецца з мірам у тых, якія тво́раць мір.