Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць:
2:2дзе народжаны Цар Іудзейскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
2:3Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
2:4І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
2:5Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім, так бо напісана праз прарока:
2:6« І ты, Віфлееме, зямля Іудава, нічым не меншы сярод ваяводстваў Іудавых; бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўпасвіць народ мой Ізраіля».
2:7Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў, выведаў у іх час з'яўлення зоркі
2:8і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, добра разведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажыце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
2:9Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
2:10Угледзеўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікай,
2:11і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.
2:12І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
2:13Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
2:14Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго, і адышоў у Егіпет,
2:15і былі там да Ірадавай смерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
2:16Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у магаў.
2:17Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа:
2:18«Голас у Раме чуцен, плач, і галашэнне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца; бо іх няма».
2:19А як Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўляецца Іосіфу ў Егіпце
2:20і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
2:21Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
2:22Але пачуўшы, што Архелай царуе ў Іудзеі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісці; і атрымаўшы ў сне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
2:23і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.