Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1Хіба́ вы не ведаеце, браты, — бо я кажу тым, хто ведае закон, — што закон ма́е ўладу над чалавекам, пакуль ён жывы́?
7:2Замужняя жанчына да жывога мужа прывя́зана законам; калі ж памрэ муж, яна вызваля́ецца ад закону заму́жжа.
7:3Таму пры жывым мужу яна будзе называцца пралюбадзейкаю, калі выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна свабодная ад закону і не будзе пралюбадзейкаю, выйшаўшы замуж за другога.
7:4Так і вы, браты мае́, памерлі для закону Целам Хрыстовым, каб нале́жаць другому, Уваскрэсламу з мёртвых, каб мы прыносілі плод Богу.
7:5Бо калі мы жылí паводле плоці, тады стра́сці грахоўныя, якія выяўля́е закон, дзейнічалі ў членах нашых, каб плод прыно́сіць смерці;
7:6але цяпер, памёршы для закону, якім былí звя́заны,  мы вы́зваліліся ад яго, каб нам служы́ць Богу ў новым духу, а не паводле старой літары.
7:7Дык што скажам? што закон — грэх? Ні ў якім разе; але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы і пажа́днасці, калі б закон не казаў: “не пажада́й”.
7:8Але грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, вы́клікаў ува мне ўсякую пажа́днасць; бо без закону грэх мёртвы.
7:9Я жыў не́калі без закону; але калі прыйшла запаведзь, то грэх ажыў,
7:10а я памёр; такім чынам, запаведзь, да́дзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці,
7:11бо грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, увёў мяне ў зман і праз яе ўмярцвіў.
7:12Так што закон святы́ і запаведзь святая, і праведная, і добрая.
7:13Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Ні ў якім разе; але стаў ёю грэх, каб быць вы́яўленым як грэх, які праз добрае нясе мне смерць, каб грэх стаў непамерна грэшным праз запаведзь.
7:14Мы ж ведаем, што закон — духоўны, а я — цялесны, перада́дзены граху.
7:15Бо не разумею, што раблю: паколькі не тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
7:16Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то пагаджа́юся з законам, што ён добры,
7:17і таму ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
7:18Бо я ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае; таму што жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро — таго няма.
7:19Дабра, якога хачу, я не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
7:20Калі ж раблю тое, чаго не хачу, то ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
7:21Дык вось, я знаходжу закон: калі хачу рабіць добрае, то ўва мне прысутнічае злое.
7:22Бо паводле ўнутранага чалавека я ма́ю асалоду ў законе Божым;
7:23але ў членах маіх бачу іншы закон, які змагаецца су́праць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грахоўнага, які знаходзіцца ў членах маіх.
7:24Няшчасны я чалавек! хто збавіць мяне ад гэтага цела смерці?
7:25Дзякую Богу праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я розумам служу закону Божаму, а плоццю — закону грахоўнаму.