Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 12

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 12
12:1Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі, а вучні Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
12:2Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
12:3А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
12:4Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы выстаўлення, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі, а толькі адным святарам?
12:5Альбо ці не чыталі вы ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
12:6Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
12:7калі б ведалі вы, што азначае: «міласці хачу, а не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
12:8бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
12:9І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
12:10І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? каб звінаваціць Яго.
12:11А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не возьме і не выцягне яе?
12:12Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботы дабро рабіць.
12:13Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.
12:14А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
12:15І пайшло за Ім следам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх.
12:16і забараніў ім расказваць пра Яго:
12:17каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
12:18«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго і Ён суд народам абвесціць
12:19не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;
12:20трысціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
12:21і на імя Яго будуць спадзявацца народы»
12:22Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
12:23І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
12:24А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула, князя дэманскага.
12:25Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее; і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.
12:26І калі сатана сатану выганяе, дык ён раздзяліўся сам у сабе, як жа ўстаіць царства ягонае?
12:27І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам суддзямі будуць.
12:28Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
12:29Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі спярша не звяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
12:30Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.
12:31Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;
12:32калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Святога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
12:33Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо па плодзе дрэва пазнаецца.
12:34Адроддзе яхідніна як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
12:35Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
12:36Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны:
12:37бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
12:38Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.
12:39Ён ім сказаў у адказ: род ліхі і пералюбны знамення шукае; і знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока;
12:40бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
12:41Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай; і вось, тут больш за Іону.
12:42Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
12:43Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
12:44тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае яго пустым, падмеценым і прыбраным;
12:45тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
12:46Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з ім.
12:47І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
12:48Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
12:49І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
12:50бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.