Священное Писание

Саборнае Пасланне святога апостала Іакава, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, – двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца.
1:2За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,
1:3ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;
1:4цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былí даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.
1:5Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, – і будзе да́дзена яму́. 
1:6Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;
1:7няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.
1:8Чалавек з раздво́енай душою – няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.
1:9Няхай жа ганары́цца брат прынíжаны ўзвы́шанасцю сваёю,
1:10а багаты – прынíжанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;
1:11узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.
1:12Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.
1:13Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: «Бог мяне спакуша́е»; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,
1:14а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае  і зама́ньвае;  
1:15потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.
1:16Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:
1:17усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяцíлаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.
1:18Ён пажада́ў і нарадзíў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.
1:19Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу, 
1:20бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.
1:21Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымíце пасе́янае слова, якое можа спасцí ду́шы вашы.
1:22Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.
1:23Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:
1:24ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў – і адразу забыў, які ён.
1:25Але хто спасцíгне закон даскана́лы – закон свабоды – і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.
1:26Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.  
1:27Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом – у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.