Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 16

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 16
16:1Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпраўніка, які быў абвінавачаны перад ім, што растрачвае маёмасць яго;
16:2і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўленне домам, бо ты не можаш больш упраўляць.
16:3Сказаў жа домаўпраўнік сам сабе: што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўленне домам? капаць не здужаю, жабраваць саромеюся;
16:4ведаю, што зрабіць, каб мяне, калі адстаўлены буду ад упраўлення, прынялі ў свае дамы.
16:5І, паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
16:6Той жа сказаў: сто мер алею. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.
16:7Потым сказаў другому: а ты колькі вінен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят.
16:8І пахваліў гаспадар няправеднага домаўпраўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны веку гэтага разумнейшыя за сыноў святла ў родзе сваім.
16:9І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў багаццем няправедным, каб яны, калі збяднееце, прынялі вас у вечныя сялібы.
16:10Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым і ў многім няправедны.
16:11Таму калі ў няправедным багацці вы не былі верныя, хто вам даверыць сапраўднае?
16:12І калі ў чужым вы не былі верныя, хто вам дасць ваша?
16:13Ніякі раб не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
16:14Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былі срэбралюбівымі, і насміхаліся з Яго.
16:15І Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзота перад Богам.
16:16Закон і прарокі — да Іаана; з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны з намаганнямі ўваходзіць у яго.
16:17Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым адной рысцы ў законе прапасці.
16:18Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзейнічае, і хто бярэ разведзеную з мужам, той пралюбадзейнічае.
16:19Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон, і кожны дзень раскошна банкетаваў.
16:20І быў адзін убогі, імем Лазар, які ляжаў перад варотамі яго, пакрыты язвамі,
16:21і хацеў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыходзячы, лізалі язвы яго.
16:22І сталася, што памёр убогі і аднесены быў ангеламі на лона Аўраамава; памёр і багаты, і пахавалі яго;
16:23і ў пекле, будучы ў муках, узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,
16:24і, ўсклікнуўшы, сказаў: ойча Аўрааме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
16:25Аўраам жа сказаў: дзіця! успомні, што ты атрымаў добрае сваё ў жыцці сваім, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
16:26і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая ўстаноўлена, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не пераходзілі.
16:27Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
16:28бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння.
16:29Кажа яму Аўраам: яны маюць Маісея і прарокаў; няхай слухаюць іх.
16:30А той сказаў: не, ойча Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
16:31Ён жа сказаў яму: калі Маісея і прарокаў не слухаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэс, не павераць.