Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 23

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 23
23:1І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
23:2І пачалі абвінавачваць Яго, гаворачы: мы выявілі, што Ён падбухторвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
23:3Пілат запытаў Яго, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
23:4І Пілат сказаў першасвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
23:5Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
23:6Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
23:7І, даведаўшыся, што Ён з уладанняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
23:8Ірад жа, убачыўшы Іісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзяваўся ўбачыць нейкае знаменне, Ім здзейсненае;
23:9і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.
23:10І стаялі першасвятары і кніжнікі, і зацята абвінавачвалі Яго.
23:11А Ірад са сваімі воінамі, зняважыўшы Яго і наглуміўшыся, апрануў Яго ў светлую адзежу і адаслаў Яго да Пілата.
23:12І зрабіліся прыяцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; раней жа мелі варожасць адзін да аднаго.
23:13Пілат жа, склікаўшы першасвятароў і начальнікаў, і народ,
23:14сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта бухторыць народ; і вось я перад вамі расследаваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінавачваеце;
23:15і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго, і вось нічога вартага смерці не зроблена Ім;
23:16таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
23:17А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго вязня.
23:18Але яны закрычалі ўсе разам, кажучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вараву.
23:19А той быў за нейкі бунт, учынены ў горадзе, і забойства пасаджаны ў цямніцу.
23:20І зноў Пілат узвысіў голас, хочучы адпусціць Іісуса.
23:21Але яны крычалі, кажучы: распні, распні Яго!
23:22І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчыніў Ён? нічога вартага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
23:23Яны ж настойвалі з моцнымі крыкамі, патрабуючы, каб Ён быў распяты; і перамаглі крыкі іх і першасвятароў.
23:24І Пілат вырашыў, каб было паводле патрабавання іх,
23:25і адпусціў пасаджанага за бунт і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі, а Іісуса аддаў на іх волю.
23:26І калі павялі Яго, то, забраўшы нейкага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
23:27І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім.
23:28Абярнуўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе і дзецях вашых;
23:29бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: «блажэнныя няплодныя, і ўлонні, якія не раджалі, і грудзі, якія не кармілі»;
23:30тады пачнуць гаварыць гарам: «упадзіце на нас», і ўзгоркам: «пакрыйце нас»;
23:31бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што будзе?
23:32Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачынцаў, каб пакараць смерцю.
23:33І калі прыйшлі на месца, званае Лобным, там распялі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.
23:34Іісус жа казаў: Ойча! даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзелячы адзежу Яго, кідалі жэрабя.
23:35І стаялі людзі і глядзелі. Насміхаліся з імі разам і начальнікі, кажучы: іншых збаўляў, няхай збавіць Самога Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
23:36Глуміліся з Яго і воіны, падыходзячы і падносячы Яму воцат,
23:37і кажучы: калі Ты Цар Іудзейскі, збаў Самога Сябе.
23:38Быў жа і надпіс напісаны над Ім літарамі грэчаскімі і рымскімі і яўрэйскімі: Гэта Цар Іудзейскі.
23:39І адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, збаў Сябе і нас.
23:40Другі ж у адказ, сунімаючы яго, казаў: хіба ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асуджаны?
23:41але мы — справядліва, бо належнае за ўчынкі нашы атрымліваем, а Ён нічога дрэннага не зрабіў.
23:42І сказаў Іісусу: памяні мяне, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства Тваё.
23:43І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у раі.
23:44Было ж каля шостай гадзіны, і цемра была па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
23:45і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася напалам.
23:46І, ускрыкнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой! І, сказаўшы гэта, спусціў дух.
23:47Сотнік жа, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды, Чалавек Гэты быў праведны.
23:48І ўсе людзі, якія сабраліся на гэтае відовішча, убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
23:49Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
23:50І вось муж па імені Іосіф, саветнік, чалавек добры і праведны,
23:51які не далучыўся да рашэння і справы іх, з Арымафеі, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;
23:52прыйшоўшы да Пілата, ён прасіў цела Іісусава;
23:53і, зняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і паклаў Яго ў магілу, высечаную у скале, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
23:54А дзень той быў пятніца, і наставала субота.
23:55І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, бачылі магілу і як было пакладзена цела Яго;
23:56вярнуўшыся, яны падрыхтавалі духмянасці і міра; у суботу ж адпачывалі, паводле запаведзі.