Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 11

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 11
11:1Быў жа хворы нейкі Лазар з Вiфанiі, з паселішча Марыi i Марфы, сястры яе.
11:2Марыя ж была тая, што памазала Госпада мірам i абцерла ногi Яго валасамi сваiмi; яе брат Лазар быў хворы.
11:3Тады паслалi сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты любiш, хворы.
11:4Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай, каб праслаўлены быў Сын Божы праз яе.
11:5А Іісус любiў Марфу, i сястру яе, i Лазара;
11:6калi ж пачуў, што той хворы, тады прабыў у тым месцы, дзе знаходзiўся, два днi;
11:7пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.
11:8Кажуць Яму вучнi: Равві! нядаўна Іудзеі шукалi пабiць Цябе камянямі, i Ты зноў iдзеш туды?
11:9Адказаў Іісус: хiба не дванаццаць гадзiн у дні? хто ходзiць удзень, той не спатыкаецца, бо святло свету гэтага бачыць;
11:10а хто ходзiць уначы, той спатыкаецца, бо няма святла ў iм.
11:11Сказаў Ён гэта і потым гаворыць iм: Лазар, друг наш, заснуў, але Я iду, каб разбудзiць яго.
11:12Сказалi тады вучнi Яго: Госпадзі! калi заснуў, то выздаравее.
11:13Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалi, што Ён гаворыць пра спачынак у сне.
11:14Тады сказаў iм Іісус адкрыта: Лазар памёр;
11:15i Я рады за вас, што Мяне там не было, каб вы ўверавалi; але пойдзем да яго.
11:16Тады Фама, якога называлі Блiзнюк, сказаў іншым вучням: пойдзем i мы, каб памерцi з Ім.
11:17Прыйшоўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры днi ў магiле.
11:18Вiфанiя ж была блiзка ад Іерусалiма, стадыяў за пятнаццаць,
11:19і многія з Іудзеяў папрыходзілі да Марфы і Марыi, каб суцешыць iх у смутку па браце iх.
11:20Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насустрач Яму; Марыя ж дома сядзела.
11:21Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;
11:22але я i цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросiш у Бога, дасць Табе Бог.
11:23Кажа ёй Іісус: уваскрэсне брат твой.
11:24Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэсне ў час уваскрасення, у апошнi дзень.
11:25Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасенне i жыццё; хто веруе ў Мяне, калі i памрэ, будзе жыць;
11:26і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ давеку. Ты верыш у гэта?
11:27Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўверавала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у свет.
11:28І сказаўшы гэта, яна пайшла i ўпотай паклiкала Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і клiча цябе.
11:29Тая, як толькi пачула, устала спешна i пайшла да Яго.
11:30Іісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
11:31Іудзеі ж, якія былi з ёю ў доме i суцяшалi яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спешна i выйшла, пайшлi за ёю, кажучы, што яна ідзе на магiлу, каб плакаць там.
11:32А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі i сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
11:33Іісус жа, калі ўбачыў, што яна плача і плачуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узрушыўся духам i расхваляваўся,
11:34і сказаў: дзе вы паклалi яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзi і паглядзi.
11:35Праслязіўся Іісус;
11:36гаварылi тады Іудзеі: бач, як Ён любiў яго!
11:37А некаторыя з iх казалi: хiба не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабiць, каб i гэты не памёр?
11:38Іісус жа, зноў узрушаны ў Сабе, падыходзіць да магiлы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
11:39Кажа Іісус: адыміце камень. Кажа Яму сястра памерлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзiць, бо чацвёрты дзень ляжыць.
11:40Кажа ёй Іісус: цi не гаварыў Я табе, што, калi ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?
11:41Тады аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару i сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
11:42Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзеля людзей, якія стаяць вакол, каб яны ўверавалi, што Ты Мяне паслаў.
11:43I сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклікнуў: Лазар! выйдзi сюды.
11:44I выйшаў памерлы, абвіты па нагах і руках пахавальным палатном, i твар яго быў абвязаны хустаю. Кажа iм Іісус: развяжыце яго i пусціце, няхай ідзе.
11:45Тады многiя з Іудзеяў, якія прыйшлi да Марыi і ўбачылі, што зрабіў Іісус, уверавалi ў Яго;
11:46а некаторыя з iх пайшлi да фарысеяў i сказалi iм, што зрабiў Іісус.
11:47Сабралі тады першасвятары і фарысеi раду i гаварылі: што нам рабiць? Чалавек Гэты многа цудаў робiць;
11:48калi пакiнем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго; i прыйдуць Рымляне і захопяць месца наша i народ.
11:49Адзiн жа з iх, нехта Каіафа, якi быў першасвятаром у той год, сказаў iм: вы не ведаеце нiчога
11:50i не разумееце, што лепш нам, каб адзiн чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загiнуў.
11:51Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, паколькі быў першасвятаром у той год, прарочыў, што Іісусу належала памерці за народ,
11:52і не толькi за народ, але каб i параскіданых дзяцей Божых сабраць у адно.
11:53З таго дня яны пастанавiлi забiць Яго.
11:54Таму Іісус ужо не хадзiў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краiну каля пустынi, у горад, называны Ефраiм, i там застаўся з вучнямi Сваiмi.
11:55А набліжалася Пасха Іудзейская, i прыйшлі многія ў Іерусалiм з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачысцiцца.
11:56Шукалi тады Іісуса i гаварылi памiж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, цi не прыйдзе Ён на свята?
11:57А першасвятары i фарысеi далі загад: калі хто даведаецца, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.