Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Дык у чым перава́га Іудзея, альбо якая кары́сць ад абрэ́зання?
3:2Вялікая, ва ўсіх адно́сінах, а найпе́рш у тым, што ім даве́рана сло́ва Бо́жае.
3:3Бо што ж? калі некато́рыя і не ўве́равалі, то хіба́ іх няве́р’е знíшчыць ве́рнасць Бо́жую?
3:4Ні ў якім ра́зе. Бог íсцінны, а ко́жны чалаве́к ілжы́вы, як напíсана: “Каб Ты апраўда́ны быў у сло́вах Тваіх і перамо́г у судзе́ Тваім”.
3:5Калі ж на́ша няпра́веднасць выяўля́е пра́веднасць Бо́жую, то што ска́жам? Бог несправядлíвы, калі праяўля́е гнеў? — я кажу́, па – чалаве́чы разважа́ючы.
3:6Ні ў якім разе. Бо як тады Бог бу́дзе судзíць свет?
3:7Але калі íсціна Бо́жая праз маю лжы́васць выяўля́ецца на сла́ву Яго, то нашто́ мяне́ ж яшчэ́ судзíць, як грэ́шніка?
3:8І ці не рабíць нам зло, каб атрыма́лася дабро́, як некато́рыя га́няць нас і ка́жуць, бы́ццам мы так гаво́рым? Асуджэ́нне на такіх справядлíвае.
3:9Дык што ж? ці ёсць у нас перава́га? Ніякай; бо мы ўжо вы́казалі абвінава́чанне, што і Іудзе́і, і Э́ліны — усе пад грахо́м,
3:10як напíсана: “няма пра́веднага ніво́днага;
3:11няма таго, хто разуме́е; няма таго, хто шука́е Бо́га;
3:12усе збíліся з дарогі, разам ста́лі няго́днымі; няма таго, хто ро́біць дабро́, няма ніво́днага.
3:13Го́рла іх — магіла адкры́тая; языко́м сваім падма́нваюць; атру́та змяíная на ву́снах іх;
3:14рот іх по́ўны праклёну і го́рычы.
3:15Ногі іх ско́рыя на праліццё крывí;
3:16разбурэ́нне і го́ра на шляха́х іх;
3:17і шлях міру невядо́мы ім.
3:18Няма стра́ху Бо́жага перад вачы́ма іх”.
3:19А мы ве́даем, што ўсё, што гаво́рыць закон, ён гаво́рыць для тых, хто пад зако́нам, каб замкну́ліся любы́я ву́сны і ўвесь свет прызна́ў сябе́ вінава́тым пе́рад Бо́гам,
3:20таму што спра́вамі зако́ну не апраўда́ецца перад Ім нія́кая плоць; бо праз закон пазнае́цца грэх.
3:21Але цяпер, незале́жна ад зако́ну, з’явíлася пра́веднасць Бо́жая, пра якую све́дчаць зако́н і праро́кі,
3:22пра́веднасць Бо́жая праз ве́ру ў Іісу́са Хрыста́ для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма́ ро́зніцы,
3:23таму што ўсе саграшы́лі і пазба́ўлены сла́вы Бо́жай,
3:24атры́мліваючы апраўда́нне да́рам, па благада́ці Яго, адкупле́ннем у Хрысце́ Іісу́се,
3:25Якога Бог прадвы́значыў як ахвя́ру ўміласціўле́ння ў Крывí Яго праз ве́ру, каб паказа́ць пра́веднасць Яго праз прабачэ́нне грахо́ў, учы́неных  ране́й,
3:26у час доўгацярпе́ння Бо́жага, каб паказа́ць пра́веднасць Яго ў цяпе́рашні час, каб вы́явіць, што Ён пра́ведны і апра́ўдвае таго, хто ве́руе ў Іісу́са.
3:27Дзе ж тое, чым хвалíцца́ Яно скасава́на. Якім зако́нам? зако́нам спраў? Не, зако́нам ве́ры.
3:28Бо мы прызнаём, што чалавек апра́ўдваецца ве́раю, незале́жна ад спраў зако́ну.
3:29Ці Бог — толькі Бог Іудзе́яў? хіба́ і не язы́чнікаў такса́ма? Так, і язы́чнікаў,
3:30таму што Бог адзін, і Ён апра́ўдвае абрэ́заных па ве́ры і неабрэ́заных праз ве́ру.
3:31Дык мы знішча́ем зако́н ве́раю? Ні ў якім ра́зе; мы зако́н сцвярджа́ем.