Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1Бо Мелхіседэк, цар Саліма, свяшчэннік Бога Ўсявы́шняга, той, які сустрэў Аўраама, калі ён вяртаўся пасля паражэ́ння цароў, і благаславіў яго,
7:2якому і дзесяціну з усяго вы́дзеліў Аўраам, — найперш, паводле значэння імені — цар праўды, а затым і цар Саліма, што азнача́е — цар міру,
7:3без бацькі, без маці, без радаслоўя, не ма́ючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, падобна Сыну Божаму, застае́цца свяшчэннікам назаўсёды.
7:4Бачыце, які вялікі той, каму і Аўраам, патрыярх, даў дзесяціну з найлепшай здабы́чы сваёй.
7:5Тыя з сыноў Левíевых, што прымаюць свяшчэнства, маюць запаведзь — браць па закону дзесяціну з народа, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і тыя паходзяць з роду Аўраама;
7:6а гэты, які не паходзіць з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Аўраама і благаславіў таго, хто меў абяцанні.
7:7Бясспрэчна ж, што меншае атрымлівае благаславенне ад большага.
7:8І тут атрымліваюць дзесяціны людзі смяротныя, а там — той, хто мае пра сябе сведчанне, што ён жывы.
7:9І, можна сказаць, сам Левій, які атрымлівае дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну:
7:10бо ён быў яшчэ ўнутры бацькі, калі Мелхіседэк сустрэў яго.
7:11Дык вось, калі б дасканаласць дасяга́лася праз левіцкае свяшчэнства, — бо на ім грунтуецца закон, да́дзены народу, — то якая б яшчэ была́ патрэба з’яўляцца іншаму свяшчэнніку па чыну Мелхіседэкаву, такому, які б не называўся па чыну Ааронаву?
7:12Бо з пераменаю свяшчэнства павінен перамяніцца і закон,
7:13бо Той, пра Каго гаворыцца гэта, належаў да іншага калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку;
7:14бо вядома, што Гасподзь наш паходзіць ад Іуды, пра калена якога ў дачыненні да свяшчэнства Маісей не сказаў нічога.
7:15І гэта яшчэ ясней відаць, калі па падабенству Мелхіседэкаву паўстае Свяшчэннік іншы,
7:16Які стаў такім не паводле закону запаведзі плоцкай, а паводле сілы жыцця нятленнага.
7:17Бо засве́дчана: “Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”.
7:18Дык вось, адбываецца адмена ранейшай запаведзі з – за яе слабасці і бескары́снасці —
7:19бо закон нічога не давёў да дасканаласці, — і даецца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
7:20І паколькі гэта было не без клятвы, —
7:21тыя ж свяшчэннікамі сталі без клятвы, а Гэты з клятваю, бо пра Яго ска́зана: “кляўся Гасподзь і не раскаецца: Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”, —
7:22то і лепшага запавету паручы́целем стаў Іісус.
7:23Прычым тых свяшчэннікаў было многа, бо смерць не дазваляла заставацца назаўсёды;
7:24а Гэты, паколькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэнства, якое не міна́е,
7:25таму і можа заўжды спасаць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.
7:26Такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэй за нябёсы,
7:27Які не ма́е патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.
7:28Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падле́глых сла́басцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек даскана́лага.