Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1І сталася ў тыя дні: выйшаў указ ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2:2Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй правіў Квірыній.
2:3І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
2:4Пайшоў таксама і Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
2:5запісацца з Марыяй, заручонай з ім Жонкай, Якая была цяжарная.
2:6І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць Ёй;
2:7і нарадзіла Сына Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было ім месца ў гасцініцы.
2:8У той краіне былі пастухі, што пільнавалі і неслі начную варту каля статку свайго.
2:9І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподня азарыла іх; і напоўніліся страхам вялікім.
2:10І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу:
2:11нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збавіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь;
2:12і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка спавітае, што ляжыць у яслях.
2:13І раптам з‘явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваляючы Госпада і прамаўляючы:
2:14слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля.
2:15І сталася: калі адышлі ад іх Ангелы на неба, людзі – пастухі казалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлеем і паглядзім тое, што адбылося, пра што Гасподзь абвясціў нам.
2:16І, спяшаючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіцятка, што ляжала ў яслях.
2:17Убачыўшы ж, абвясцілі тое, што было сказана ім пра гэтае Дзіця.
2:18І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што казалі ім пастухі.
2:19А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
2:20І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
2:21І калі споўнілася восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі імя Яму Іісус, названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні.
2:22І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Яго Госпаду, —
2:23як напісана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, было пасвячона Госпаду, —
2:24і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў законе Гасподнім: пару горліц або дваіх птушанят галубіных.
2:25І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя якому Сімяон. І чалавек гэты, праведны і богабаязны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Дух Святы быў на ім.
2:26І было яму прадвешчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
2:27І прыйшоў ён у Духу ў храм. І калі бацькі прынеслі Дзіця Іісуса, каб выканаць над Ім устаноўленае па закону,
2:28ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
2:29цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, з мірам;
2:30бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё,
2:31якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
2:32святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізраіля.
2:33Іосіф жа і Маці Яго здзіўляліся сказанаму пра Яго.
2:34І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі і на знаменне супярэчання, —
2:35і Табе Самой душу пратне меч, — каб адкрыліся многіх сэрцаў помыслы.
2:36І была Анна прарочыца, дачка Фануілава, з калена Асіравага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражыўшы з мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
2:37удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, пастамі і малітвамі служачы Богу дзень і ноч.
2:38І яна ў той самы час падышоўшы, славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўлення ў Іерусаліме.
2:39І калі выканалі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
2:40Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасцю, і благадаць Божая была на Ім.
2:41І хадзілі бацькі Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.
2:42І калі Яму было дванаццаць гадоў, узышлі яны ў Іерусалім, паводле звычаю свята,
2:43і правялі тыя дні; і калі вярталіся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго;
2:44думаючы, што Ён разам са спадарожнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых;
2:45і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шукаючы Яго.
2:46І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
2:47і дзівіліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.
2:48І ўбачыўшы Яго, яны вельмі здзівіліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе.
2:49І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
2:50Але яны не зразумелі слова, якое Ён казаў ім.
2:51І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
2:52А Іісус узрастаў у мудрасці і гадах, і ў любві ў Бога і ў людзей.