Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
3:2І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб звінаваціць Яго.
3:3І кажа Ён чалавеку, што меў усохлую руку: стань пасярэдзіне.
3:4А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу ўратаваць альбо загубіць? Яны ж маўчалі.
3:5І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
3:6І, выйшаўшы, фарысеі адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго, як Яго загубіць.
3:7Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі,
3:8і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з – за Іардана. І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
3:9І сказаў вучням Сваім, каб лодка была для Яго напагатове, каб натоўп не цясніў Яго.
3:10Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кідаліся да Яго, каб да Яго дакрануцца.
3:11І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
3:12І Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
3:13І ўзышоў на гару, і паклікаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
3:14І паставіў дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
3:15і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў.
3:16Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр,
3:17і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава, даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае «сыны громавы»;
3:18і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
3:19і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
3:20І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хлеба паесці.
3:21І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
3:22А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў.
3:23І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганяць?
3:24І калі царства раздзеліцца самое ў сабе, не можа ўстаяць царства тое.
3:25І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа ўстаяць дом той.
3:26І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся, не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму.
3:27Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабаваць дабра яго, калі перш не звяжа дужага, і тады абрабуе дом яго.
3:28Праўду кажу вам: адпушчаны будуць сынам чалавечым усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі,
3:29але хто будзе хуліць Духа Святога, не будзе мець адпушчэння давеку, а падлягае вечнаму асуджэнню.
3:30Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе.
3:31І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго.
3:32І сядзеў народ вакол Яго. І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
3:33І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае?
3:34І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
3:35бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.