Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
5:2I, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
5:3Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
5:4Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5:5Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
5:6Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
5:7Блажэнныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
5:8Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
5:9Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
5:10Блажэнныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
5:11Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
5:12Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
5:13Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.
5:14Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на гары.
5:15І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
5:16Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
5:17Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.
5:18Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закона, пакуль не збудзецца ўсё.
5:19Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
5:20Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
5:21Вы чулі, што сказана продкам: « Не забівай; а хто заб'е, падпадае суду».
5:22А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «рака», падпадае сінедрыёну; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.
5:23Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
5:24пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі спярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
5:25Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе праціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не кінулі цябе ў цямніцу;
5:26праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
5:27Вы чулі, што сказана продкам: « Не чыні пералюбу».
5:28А я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
5:29Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
5:30І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
5:31Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.
5:32А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пралюбадзейства; і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.
5:33Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: « Не давай ілжывай прысягі, а выконвай перад Госпадам прысягі твае».
5:34А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
5:35ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
5:36ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
5:37А няхай будзе слова ваша: «так – так», «не – не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
5:38Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».
5:39А Я кажу вам не працівіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
5:40і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
5:41і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча, ідзі за ім два.
5:42Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
5:43Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».
5:44А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;
5:45і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
5:46Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мытнікі?
5:47І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?
5:48Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Анцец ваш Нябесны.