Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 8

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 8
8:1Калі Ён сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей.
8:2І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
8:3Іісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу ачысціўся той ад праказы.
8:4І кажа яму Іісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся святару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сведчанне ім.
8:5Калі ж увайшоў Іісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
8:6Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе.
8:7Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
8:8А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
8:9бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленні воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
8:10Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
8:11Кажу к вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзлягуць з Аўраамам, Ісаакам і Іакавам у Царстве Нябесным;
8:12а сыны царства будуць выкінуты у цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
8:13І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
8:14Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў цешчу яго, якая ляжала ў гарачцы,
8:15і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
8:16Калі ж звечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
8:17каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
8:18Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, эагадаў вучням адплысці на той бок.
8:19І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Габою, куды б Ты ні пайшоў.
8:20І кажа яму Іісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы не мае, дзе прыхіліць галаву.
8:21А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць майго бацьку.
8:22Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
8:23І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Яго.
8:24І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
8:25І вучні Яго, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
8:26І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
8:27А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
8:28І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю.
8:29І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
8:30А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
8:31І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт свіней.
8:32І Ён сказаў ім: ідзіце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт свіны. І вось, кінуўся ўвесь гурт свіней з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
8:33А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
8:34І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.